Новыя мэры Сіэтла і Нью-Ёрка адмовіліся ад кавы са Starbucks
7- 16.11.2025, 18:44
- 5,420
Праз страйк працаўнікоў.
У ЗША пераможца выбараў мэра Сіэтла Кэці Вільсан далучылася да страйку працаўнікоў кавярняў Starbucks. Пра гэта паведамляе KUOW.
Радыёстанцыя перадае, што 13 лістапада палітык выступіла на пікеце страйкоўцаў праз некалькі гадзін пасля перамогі на выбарах. Яна заявіла, што сама не купляе каву ў Starbucks і заклікала выбарцаў таксама гэтага не рабіць.
«Калі правы працоўных апынаюцца пад ударам, што нам рабіць? Уставайце і давайце адпор», — заклікала Вільсан.
У матэрыяле ўдакладняецца, што страйкоўцы патрабуюць ад кіраўніцтва кававага гіганта павышэння заробку і паляпшэння кадравага складу. Ім абяцалі новыя кантракты да канца мінулага года, але ніякіх зменаў не адбылося.
«Я хачу атрымліваць асалоду ад горада, у якім жыву, бо цяпер я проста працую, сплю і спрабую ўкласціся ў бюджэт, каб пражыць, працуючы ў Starbucks», — так апісала свае цяперашнія ўмовы барыста і сябра прафсаюза Эма Кокс.
Заклік Вільсан байкатаваць Starbucks падтрымаў і новы мэр Нью-Ёрка Зохран Мамдані. Тры дні таму ён адмовіўся ад кавы кампаніі, пакуль яе супрацоўнікі страйкуюць.