Прэм'ер Венгрыі: Расія не нападзе на ЕС, бо недастаткова моцная
23- 16.11.2025, 16:01
- 6,202
Віктар Орбан заявіў, што «рускія больш за тры гады» не могуць завяршыць вайну ва Украіне.
Прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан назваў «смехатворнымі» заявы пра тое, што Расія можа напасці на Еўрапейскі саюз, паколькі, на яго думку, яна недастаткова моцная. Сваю пазіцыю ён выказаў у падкасце генеральнага дырэктара медыягрупы Axel Springer Матыяса Дёпфнера, які апублікаваны на YouTube.
«Пры ўсёй павазе, я лічу смехатворным казаць, што Расія нападзе на ЕС або НАТА, проста таму, што яна недастаткова моцная. Мы значна мацнейшыя за іх. Еўрапейскі саюз налічвае больш за 400 мільёнаў чалавек, Расія — каля 140 мільёнаў», — сказаў Орбан.
Ён адзначыў, што ваенныя магчымасці 27 краін Еўрапейскага саюза значна пераўзыходзяць расійскія. Орбан таксама заявіў, што «рускія больш за тры гады» не могуць завяршыць вайну ва Украіне. У сувязі з гэтым ён задаўся пытаннем, як Еўропа можа сцвярджаць, што яна слабейшая за Расію.