Іран затрымаў замежны нафтавы танкер ля ўзбярэжжа Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў
5- 15.11.2025, 18:49
- 4,362
На борце судна выявілі 30 000 тон нафтахімічнай прадукцыі.
Узброеныя сілы Ірана паведамілі, што затрымалі замежны танкер ля ўзбярэжжа Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. На борце судна Talara выявілі 30 000 тон нафтахімічнай прадукцыі, і па загадзе судовых органаў танкер накіравалі на праверку магчымых парушэнняў, піша Bild.
Гэты крок улады зрабілі ў межах «законных паўнамоцтваў для абароны нацыянальных інтарэсаў». Што менавіта маецца на ўвазе, не ўдакладняецца: падрабязнасці павінны быць апублікаваныя пасля праверкі грузу і інспекцыі судна.
Адметна, што каля ўзбярэжжа ААЭ танкер даволі раптоўна змяніў курс у бок Ірана, і кампанія-аператар судна паведаміла, што адразу страціла сувязь з Talara. Упраўленне марскіх гандлёвых аперацый Вялікабрытаніі (UKMTO) не выключае, што інцыдэнт можа мець палітычны матыў.
Армія Ірана раней неаднаразова затрымлівала замежныя танкеры ў Армузскім праліве па палітычных прычынах: напрыклад, у 2021 годзе Тэгеран выкарыстоўваў затрыманне паўднёвакарэйскага танкера як інструмент ціску дзеля вызвалення замарожаных актываў у Сеуле.