Лукашэнка сам сябе «падстаўіў»
21- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 15.11.2025, 17:43
- 32,090
Цынічны сеанс самаразаблачэння.
У чым не адмовіш Лукашэнку, дык гэта ў «таленце» сумяшчаць несумяшчальнае. Напрыклад, павіншаваць кагосьці такім чынам, каб адначасова і пахваліць, і прынізіць, натхніць — і адразу ж вярнуць на грэшную зямлю.
Як гэта было падчас уручэння дзяржаўных узнагарод работнікам сельскай гаспадаркі.
Так, мы не раз і не два чулі падобнае. Але ўсё ж гэтыя выказванні заслугоўваюць увагі, бо даюць уяўленне пра тое, якім можа быць бліжэйшая будучыня і галіны ў прыватнасці, і беларускага сяла ў цэлым.
Прайдзёмся па цытатах і паспрабуем зразумець, што менавіта хацеў сказаць аўтар гэтых слоў.
«Цярпення вам, і хай нараджаюцца дзеткі — новае пакаленне. Абавязкова — беларускіх сялян, беларускіх аграрнікаў. Няма больш каштоўнай і цікавай працы, чым ваша. Ведаеце, я даіў кароў — і стаў «прэзідэнтам».»
Гэта цытата з нецэнзураванай відэаверсіі выступлення. З тэкставай версіі прэс-служба прыбрала фрагмент пра дойку кароў — відаць, у спробе не даць нарадзіцца чарговаму мему. Знікла і слова «абавязкова».

А гэта важны акцэнт. Лукашэнка тым самым дае зразумець, якім ён бачыць галоўнае прызначэнне сялян — танная працоўная сіла, якая дазваляе будаваць планы пра мільярдны экспарт прадуктаў харчавання.
І каб яшчэ раз дэматываваць жыхароў сяла, адбіўшы ў іх ахвоту нават думаць пра іншае жыццё, правіцель не саромеецца пускаць у ход «довады», якія прыніжаюць годнасць тысяч і тысяч людзей:
«Не рвіцеся ў гарады, вы там не прыжывяцеся. Цаніце гэты час і памятайце так, па-сялянску: мы нідзе нікому не патрэбныя. Нідзе».
Перакладаем з віншавальнага на ўтылітарна-цынічны: нават і не думайце драпаць з калгаса, іншую працу потым можаце і не знайсці.
@gazetaby Беларусы ў сацсетках абураныя новымі правіламі прыборкі лістоты і пішуць, што засталося толькі ўвесці плату за паветра. Падобна, беларускія ўлады вырашылі манетызаваць нават восень #gazetaby #беларусьсейчас #белтикток #медыясалідарнасць #новостибеларуси ♬ арыгінальны гук — Салідарнасць
Не абышлося і без чарговага ўколу на адрас беларусаў, апошнім часам гэта стала ледзь не абавязковым элементам публічных выступаў:
«Сёння час такі: калі ты сам прабіўся, калі ты будзеш напружвацца, Госпад табе дапаможа. І ты абавязкова даб'ешся таго, чаго хочаш.
Калі будзеш хадзіць, апусціўшы рукі, ты ў гэтым жыцці нічога не даб'ешся. Будзеш хадзіць і плакацца: гэта ўлада не дала, агарод не пасеяла, не абкасіла прысядзібны ўчастак, хмызнякі не прыбрала, дроў не нарубіла... Будзеш хадзіць і плакацца».
Іншымі словамі, работнікам калгасаў трэба быць гатовымі да таго, што прынцып жыцця на вёсцы застаецца ранейшым. Як і ў савецкія часы, як і ў ранейшыя гады кіравання Лукашэнкі.
Не хапае капеечнай зарплаты — усё ў тваіх руках: пасля працы ў калгасе рві спіну на прысядзібным участку, гатуй запасы на зіму (пасадзі ўжо гэтыя праклятыя дзве-тры баразёнкі), трымай карову, свіней.
А дзяржава табе нічога не павінна. Наадварот, гэта ты ёй усё больш павінен. Абкасіць тэрыторыю каля двара, папрацаваць бясплатна на суботніку — спіс можна працягваць.
Але калі да кагосьці не дайшло з адной спробы, дык вось яшчэ адно тлумачэнне — фактычна самаразвенчанне шматгадовага міфа эпохі развітага лукашызму:
«Так, у нас дзяржава сацыяльная, мы спрабуем дапамагчы і тым, каму трэба, і каму не трэба. Але разумець вы павінны, што ўсім мы не дапаможам і не павінны дапамагаць. Бо гэта нараджае ўтрыманства».
Без лішніх каментарыяў. Не страляйце ў піяніста — ён спрабуе, як умее.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»