Польшча ўвяла санкцыі супраць рэзідэнта беларускага ПВТ
1- 12.11.2025, 18:49
- 2,598
Аператар крыптабіржы BYNEX прызнаны падкантрольным уладам Беларусі.
Польшча ўвяла санкцыі супраць рэзідэнта ПВТ — кампаніі «ЕРПБЕЛ», аператара крыптавалютнай біржы BYNEX. Яна з'явілася ў абноўленым санкцыйным спісе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.
«Улічваючы прамую залежнасць Hi-Tech Park (Парка высокіх тэхналогій) ад беларускіх уладаў, варта прызнаць, што арганізацыі, якія дзейнічаюць у яго структуры — у тым ліку Erpbel — знаходзяцца пад непасрэдным кантролем дзяржаўных органаў Беларусі», — гаворыцца ў абгрунтаванні.
МУС Польшчы таксама адзначыла, што ў 2021 годзе «кампанія Erpbel устанавіла ключавое партнёрства з «Беларусбанкам» — найбуйнейшым банкам Беларусі, які кантралюецца дзяржавай».
«Гэта партнёрства стала часткай праграмы лічбавай трансфармацыі банка і мела стратэгічнае значэнне для развіцця фінтэх-сектара краіны. Супрацоўніцтва дазволіла забяспечваць аперацыі з фіятнымі валютамі на крыптавалютнай біржы BYNEX, уключаючы беларускія рублі і долары ЗША, праз карткі VISA. Супраць «Беларусбанка» былі ўведзены абмежавальныя меры 24 чэрвеня 2021 года», — адзначаюць у польскім МУС.
У санкцыйным спісе таксама ўказана, што пасаду дырэктара кампаніі Erpbel у 2022—2023 гадах займала Ірына Пятроўна Лысакоўская, якая раней працавала галоўным бухгалтарам «Беларусбанка».
«З улікам вышэйапісаных эканамічных, арганізацыйных і персанальных сувязяў, дзейнасць кампаніі Erpbel (аператара біржы BYNEX) стварае рэальную рызыку яе выкарыстання для абыходу міжнародных санкцый, а таксама для фінансавання або падтрымкі дзеянняў дзяржаўных органаў Беларусі, у тым ліку ў кантэксце падтрымкі расійскай агрэсіі супраць Украіны», — лічаць у МУС Польшчы.