Ва Украіне з пасады знялі міністра юстыцыі
3- 12.11.2025, 10:10
- 8,744
Кабмін прыняў рашэнне сёння раніцай.
Урад Украіны адхіліў Германа Галушчэнку ад выканання абавязкаў міністра юстыцыі.
Пра гэта прэм'ер-міністр Украіны Юлія Свырыдэнка напісала ў Telegram.
Паводле яе слоў, адпаведнае рашэнне прынялі падчас пазачарговага пасяджэння Кабінета міністраў, якое адбылося сёння раніцай.
Свырыдэнка паведаміла, што выкананне абавязкаў міністра ўсклалі на намесніцу міністра юстыцыі па пытаннях еўрапейскай інтэграцыі Людмілу Сугак.
«Сёння правялі пазачарговае пасяджэнне Урада. Прынялі рашэнне адхіліць Германа Галушчэнку ад выканання абавязкаў міністра юстыцыі. Абавязкі міністра часова будзе выконваць Людміла Сугак», — заявіла прэм'ер-міністр.
Што вядома пра Галушчэнку
Герман Галушчэнка мае працяглы досвед працы ў дзяржаўным сектары. Ён працаваў у пракуратуры і ў Міністэрстве замежных спраў Украіны, займаў пасады намесніка кіраўніка дэпартамента ў Сакратарыяце (Адміністрацыі) прэзідэнта і ўзначальваў дэпартамент судовай працы ў Міністэрстве юстыцыі.
У 2013–2014 гадах Галушчэнка выконваў абавязкі выканаўчага дырэктара па прававым забеспячэнні НАЭК «Энергаатом», а з мая 2020-га па красавік 2021 года займаў пасаду віцэ-прэзідэнта кампаніі.
Паралельна з дзяржаўнай службай ён выкладае міжнароднае прыватнае права ў Інстытуце міжнародных адносін КНУ ім. Тараса Шаўчэнкі, дзе працуе дацэнтам адпаведнай кафедры.
29 красавіка 2021 года Вярхоўная Рада прызначыла Германа Галушчэнку міністрам энергетыкі Украіны. Пасля адстаўкі прэм'ер-міністра Дзяніса Шмыгаля 16 ліпеня 2025 года і фарміравання новага ўрада на чале з Юліяй Свырыдэнкай, Галушчэнка пакінуў энергетычнае ведамства і ўзначаліў Міністэрства юстыцыі Украіны.