З заробку беларуса ўтрымлівалі грошы за чужы крэдыт
1- 12.11.2025, 10:04
- 3,070
Як так выйшла?
Жыхар Шклоўскага раёна паскардзіўся ў пракуратуру, што з яго заробку пачалі ўтрымліваць больш за 500 рублёў па выканаўчай вытворчасці. Як высветлілася, усё з-за крэдыту, які ён не афармляў, піша «Онлайнер».
Аказалася, што ў ліпені 2020 года двое магілёўцаў укралі ў мужчыны пашпарт і ад яго імя ўзялі крэдыт. Ніхто яго не пагасіў, таму па заяве банка спагнаннем заняўся аддзел прымусовага выканання (АПВ). У выніку грошы пачалі ўтрымліваць з заробку мужчыны, ён апынуўся вінны больш за 7,5 тысячы рублёў.
Паколькі мужчына не ведаў пра заключэнне крэдытнага дагавора, пракурор Магілёва падаў у суд пазоў, у якім запатрабаваў прызнаць дагавор незаключаным, скасаваць выканаўчы надпіс і спагнаць з банка неабгрунтаванае ўзбагачэнне.
Суд з довадамі пагадзіўся — пазоў задаволены ў поўным аб'ёме. Рашэнне пакуль не ўступіла ў сілу.
Двое магілёўцаў, якія ўкралі пашпарт і аформілі крэдыт, ужо асуджаныя за крадзеж дакумента і махлярства.