Каталіцкі Касцёл ЗША абраў новага лідара
- 12.11.2025, 8:21
- 1,884
І асудзіў палітыку дэпартацый Трампа.
Біскупы ЗША абралі новага лідара і заявілі пра прыярытэт абароны мігрантаў на фоне ўзмацнення дэпартацый.
Пра гэта паведамляе The New York Times.
На штогадовай сустрэчы ў Балтыморы амерыканскія рымска-каталіцкія біскупы абралі новага старшыню Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў ЗША на фоне ўсё большых спрэчак адносна палітыкі дэпартацый і абароны правоў мігрантаў.
Так, новым прэзідэнтам арганізацыі стаў арцыбіскуп Аклахома-Сіці Пол С. Коклі, вядомы як кансерватыўны багаслоў і прыхільнік больш актыўнай пазіцыі ў сацыяльных пытаннях.
Віцэ-прэзідэнтам абраны біскуп Даніэль Э. Флорэс з Тэхаса, які шмат гадоў працуе з супольнасцямі на мяжы з Мексікай і паслядоўна выступае за падтрымку сем'яў імігрантаў.
Сустрэча стала першай у часы пантыфікату Папы Льва XIV, які нядаўна заклікаў амерыканскі каталіцкі Касцёл рашуча выступаць у абарону мігрантаў. Падчас пасяджэння біскупы адзначылі, што расце напружанне паміж евангельскім вучэннем пра любоў да бліжняга і больш жорсткімі палітычнымі крокамі, якія ажыццяўляе адміністрацыя Дональда Трампа у межах узмоцненай кампаніі па дэпартацыі.
Каталіцкія лідары заявілі, што непакояцца разлучэннямі ў сем'ях падчас іміграцыйных рэйдаў, абмежаваннем віз для духоўных асоб і выпадкамі, калі вернікі пазбягаюць наведвання імшы з-за страху затрыманняў.
Біскупы падрыхтавалі спецыяльны зварот па іміграцыйнай палітыцы — дакумент такога ўзроўню выдаецца вельмі рэдка і павінен засведчыць пазіцыю Касцёла на нацыянальным узроўні.
Нягледзячы на ўнутраныя рознагалоссі ў палітычных поглядах, падчас галасавання было прадэманстравана істотнае адзінства ў пытанні гуманнага стаўлення да мігрантаў. Новаабраны прэзідэнт канферэнцыі арцыбіскуп Коклі заявіў, што каталіцкі Касцёл і надалей будзе адстойваць «годнасць кожнай асобы, незалежна ад яе статусу або паходжання».