7 снежня 2025, Нядзеля, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Крыптакаралева» з Кітая падманула 128 тысяч чалавек

4
«Крыптакаралева» з Кітая падманула 128 тысяч чалавек

Суд у Вялікабрытаніі вынес гучны прысуд.

У Вялікабрытаніі асудзілі 47-гадовую грамадзянку Кітая Чжымін Цянь, якую абвінавачваюць у датычнасці да адной з найбуйнейшых крыптаафёр у свеце.

Пра гэта паведамляе AP.

Суд у Саўтварку прызнаў Чжымін Цянь вінаватай у адмыванні грошай і валоданні злачынна набытаю маёмасцю. Ёй прызначылі пакаранне ў выглядзе 11 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі.

Расследаванне брытанскай паліцыі ўстанавіла, што Цянь кіравала глабальнай схемай Понцы, з-за якой больш як 128 000 чалавек у Кітаі страцілі свае інвестыцыі — у тым ліку зберажэнні і пенсійныя фонды.

Атрыманыя незаконным шляхам сродкі яна захоўвала ў крыптавалюце. Падчас абшукаў праваахоўнікі канфіскавалі прылады, на якіх захоўвалася 61 000 біткойнаў, што на момант канфіскацыі ацэньваліся больш як у 6,6 мільярда долараў — гэта стаў найбуйнейшы выпадак канфіскацыі крыптаактываў у гісторыі Вялікабрытаніі.

Пасля таго як кітайскія ўлады пачалі расследаванне, Цянь збегла ў Вялікабрытанію пад ілжывым імем.

У Лондане яна вяла раскошнае жыццё — арандавала элітны дом за 17 000 фунтаў на месяц, купляла каштоўнасці і спрабавала набыць нерухомасць коштам некалькі мільёнаў фунтаў, каб легалізаваць свае крыптаактывы.

Пракуроры назвалі яе «архітэктарам злачынства», якое яна дэталёва прадумала і здзейсніла з «чыстай прагнасці». У запісках, знойдзеных следчымі, Цянь марыла «стаць манархам Ліберленда» — самапрагалошанай мікрадзяржавай паміж Сербіяй і Харватыяй, а таксама «сустрэцца з брытанскай каралеўскай сям’ёй».

Разам з ёй суд асудзіў яе саўдзельніка — 47-гадовага малайзійца Сэнг Хок Лінга, які дапамагаў пералічваць і адмываць крыптаактывы. Яго пакаралі 4 гадамі і 11 месяцамі пазбаўлення волі.

Суддзя Салі-Эн Хэйлз падчас абвяшчэння прысуду адзначыла, што Цянь «разбурала жыцці тысяч людзей, не адчуваючы ніякага раскаяння», і «выкарыстоўвала тэхналогію крыптавалюты для масавага падману і асабістага ўзбагачэння».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках