Уорэн Бафет накіруе на дабрачыннасць акцыі на $1,3 млрд
4- 10.11.2025, 22:05
- 2,594
Адзін з найбагацейшых людзей планеты апублікаваў ліст, адрасаваны акцыянерам Berkshire Hathaway.
Адзін з найбагацейшых людзей планеты — 95-гадовы Уорэн Бафет — у панядзелак, 10 лістапада, апублікаваў свой апошні ліст да акцыянераў Berkshire Hathaway. Ён стаў развітальным зваротам інвестара пасля больш як шасці дзесяцігоддзяў кіраўніцтва холдынгам. У канцы 2025 года Бафет плануе сысці з пасады генеральнага дырэктара Berkshire, пры гэтым ён захавае пасаду старшыні савета дырэктараў кампаніі.
У апошнім лісце Бафет паведаміў, што ахвяруе на дабрачыннасць акцыі Berkshire Hathaway на суму больш за $1,3 млрд, паведамляе Bloomberg. Інвестар канвертаваў 1800 акцый катэгорыі A ў 2 700 000 акцый катэгорыі B, каб перадаць іх дабрачынным фондам сваіх дзяцей:
1 500 000 акцый — фонду С'юзан Томпсан Бафет,
па 400 000 акцый — фонду The Sherwood Foundation, фонду Говарда Г. Бафета і фонду NoVo.
Бафет заявіў, што больш не будзе пісаць штогадовыя справаздачы і выступаць на сходах Berkshire Hathaway.
У 2026 годзе пасаду генеральнага дырэктара кампаніі займе Грэг Абель, а Бафет застанецца старшынём савета дырэктараў.
З 1965 года Уорэн Бафет публікаваў штогадовыя лісты акцыянерам разам са справаздачамі аб даходах. У лістах прадпрымальнік прапаноўваў чытачам інвестыцыйныя парады, апісваў падыходы фінансавага кангламерату да інвеставання, прызнаваў памылкі, звязаныя з ацэнкай будучых вынікаў кампаній.