У Дзярждуме хочуць адключыць Расію ад сусветнага інтэрнэту
12- 10.11.2025, 18:39
- 7,248
У выпадку «ўмяшання» ў «выбары-2026»
Улады могуць ізаліраваць Рунэт у выпадку спроб звонку паўплываць на працэс «выбараў» у Расіі ў 2026 годзе, заявіў першы намеснік кіраўніка думскага камітэта па міжнародных справах Аляксей Чэпа, піша (The Moscow Times https://www.moscowtimes.ru/2025/11/10/v-gosdume-poobeschali-otklyuchit-rossiyu-ot-mirovogo-interneta-v-sluchae-vmeshatelstva-v-vibori-2026-a179607). Паводле яго слоў, Раскамнагляд, які днямі афіцыйна атрымаў права адключаць расійскі сегмент інтэрнэту ад глабальнай сеткі, «можа» пайсці на такі крок: «Як бы гэта ні было сумна і як бы ні было складана, але яны будуць вымушаныя, напэўна, яго [інтэрнэт] спыняць», — сказаў Чэпа.
Паводле яго, раней ужо мелі месца спробы «ўмяшання трэціх краін» у сістэмы дыстанцыйнага электроннага галасавання (ДЭГ) і Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК). У прыватнасці, гэта адбывалася ў 2025 годзе падчас губернатарскіх выбараў. «Дзякуй Богу, нам удалося гэта прадухіліць. Я ўпэўнены, што колькасць атак у 2026 годзе будзе павялічвацца. Тут асноўную ролю будзе адыгрываць інтэрнэт», — канстатаваў дэпутат у размове з «Газетай.ру».
Акрамя таго, Расія можа быць адрэзаная ад сусветнага інтэрнэту і ў сувязі з неабходнасцю забеспячэння «паветранай бяспекі» — з-за ўкраінскіх дронаў, вынікае са слоў Чэпы. «У выпадку, калі хтосьці дзесьці паспрабуе здзейсніць тэрарыстычныя або іншыя забароненыя дзеянні, [Расію могуць адключыць ад сусветнага інтэрнэту]», — заявіў ён.
На мінулым тыдні кіраўнік урада РФ Міхаіл Мішусцін падпісаў пастанову аб «правілах цэнтралізаванага кіравання сеткай сувязі агульнага карыстання». Згодна з імі пры ўзнікненні «пагроз устойлівасці, бяспекі і цэласнасці» функцыянавання інтэрнэту ў Расіі РКН зможа адключаць Рунэт ад сусветнага інтэрнэту і блакіраваць любыя сайты.
Сярод такіх рызык — аварыі і перагрузкі вузлоў сувязі; парушэнне працы крытычна важных аб’ектаў; кібератакі і распаўсюджванне забароненага кантэнту; разрыў узаемадзеяння расійскіх і замежных сетак сувязі агульнага карыстання; немагчымасць абмену інфармацыяй унутры краіны. У працэдуры ўвядзення абмежаванняў будуць удзельнічаць ФСБ і Мінцыфры. Новыя правілы ўступяць у сілу 1 сакавіка 2026 года.
На 20 верасня 2026 года ў РФ запланаваны «выбары» дэпутатаў і чыноўнікаў на розных узроўнях, уключаючы дзявятае скліканне Дзярждумы, галасаванне за кандыдатаў у кіраўнікі 10 рэгіёнаў, а таксама ў дэпутаты заксабранняў у 39 суб’ектах РФ.