Трамп памілаваў паплечнікаў, якія спрабавалі сарваць выбары 2020 года
2- 10.11.2025, 17:21
- 1,878
У спісе — дзясяткі рэспубліканскіх актывістаў.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў дакумент пра памілаванне шэрагу сваіх паплечнікаў, якія дапамагалі яму сарваць прэзідэнцкія выбары 2020 года. Сярод іх былыя саветнікі, адвакаты і дзеячы Рэспубліканскай партыі.
Адпаведны дакумент апублікаваў адвакат у пытаннях памілавання Міністэрства юстыцыі Эд Марцін. З яго вядома, што Трамп прадаставіў «поўнае, абсалютнае і безумоўнае» памілаванне людзям, якія адыгрывалі ролю ў спробах адмяніць вынікі галасавання. Сярод іх:
– Рудзі Джуліані, асабісты юрыст кіраўніка Белага дома, які дапамагаў аказваць ціск на заканадаўчыя органы штатаў, каб яны адхілілі перамогу Джо Байдэна;
– Марк Мідоўз, кіраўнік апарату Белага дома Трампа ў 2020 годзе;
– Джон Істман і Кенэт Чэсэбра, юрысты;
– Барыс Эпштэйн, даўні саветнік Трампа;
– Сідні Паўэл, юрыст.
Акрамя найбліжэйшых саветнікаў, прэзідэнт ЗША таксама памілаваў дзясяткі рэспубліканскіх актывістаў, якія падпісвалі дакументы, ілжыва заяўляючы пра свой статус электараў. Некаторыя з іх атрымалі абвінавачанні ў іншых штатах: Джорджыя, Арызона, Віскансін і Невада, дзе працягваюцца расследаванні спробаў паўплываць на вынікі выбараў 2020 года.
Памілаванні сімвалічныя, бо ніводнага з пералічаных у дакуменце людзей не абвінавацілі ў федэральных правапарушэннях. Таксама дакумент не датаваны, таму дакладная дата падпісання застаецца невядомай.