Тайланд прыпыніў «мірную здзелку» з Камбоджай
5- 10.11.2025, 17:07
- 3,384
Пагадненне, падпісанае пры ўдзеле Трампа, пратрымалася два тыдні.
Тайланд часова прыпыніў свой удзел у «мірнай здзелцы» з Камбоджай. Дакумент усяго два тыдні таму падпісалі пры ўдзеле прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, паведамляе BBC.
Паводле звестак выдання, пра прыпыненне ўдзелу Тайланда ў «мірным пагадненні» заявіў прадстаўнік урада краіны. Паводле яго слоў, такое рашэнне прынялі пасля таго, як некалькі тайскіх салдат падарваліся на міне і атрымалі раненні недалёка ад камбаджыйскай мяжы ў правінцыі Сісакет.
У сваю чаргу Камбоджа заявіла, што застаецца прыхільнай да пагаднення, якое прадугледжвала доўгатэрміновы мір паміж краінамі.
Абодва бакі падпісалі пагадненне — якое Тайланд адмовіўся называць мірнай дамовай — у кастрычніку, падчас цырымоніі з удзелам прэзідэнта ЗША ў Малайзіі.
Прэм'ер-міністр Тайланда Анутхін Чанвіракун заявіў, што згодны з рашэннем ваеннага кіраўніцтва краіны аб выхадзе з «мірнай здзелкі», паколькі «пагроза бяспекі насамрэч не зменшылася».
Паводле тайскіх СМІ, салдаты падарваліся на міне падчас патрулявання. Адзін з іх страціў ступню.
Варта адзначыць, што «мірная здзелка» паміж Тайландам і Камбоджай прадугледжвала вывад цяжкага ўзбраення са спрэчнага рэгіёну на мяжы і стварэнне часовай назіральнай місіі для кантролю сітуацыі.
Наступным крокам павінна было стаць вызваленне 18 камбаджыйскіх салдат, якіх узялі ў палон тайскія вайскоўцы.