Паток турыстаў з Кітая ў Расію абваліўся
5- 10.11.2025, 15:24
- 2,792
З-за атак дронаў і адключэнняў інтэрнэту.
На фоне рэгулярных налётаў дронаў Узброеных сіл Украіны (ЗСУ) на расійскія рэгіёны і перыядычных калапсаў на чыгуначных шляхах і ў грамадзянскай авіяцыі, а таксама адключэнняў інтэрнэту паток кітайскіх турыстаў у РФ у трэцім квартале 2025 года абваліўся на 13,3%. З ліпеня па верасень, у пік турыстычнага сезону, госці з КНР наведалі Расію больш за 372,8 тыс. разоў, вынікае з даных статыстыкі Памежнай службы ФСБ, якія прыводзіць Асацыяцыя тураператараў (АТОР), паведамляе The Moscow Times.
Грамадзяне Кітая забяспечылі больш за палову візітаў у краіну з мэтай турызму ў трэцім квартале. Усяго такіх было амаль 656 тыс., і гэта падзенне на 6,3% у гадавым выражэнні, сведчаць даныя ФСБ. Пры гэтым агульнае скарачэнне ўезду ў РФ (то бок не толькі з турыстычнымі мэтамі) з ліпеня па верасень склала 12,1% — да 4,4 млн чалавек. Таксама з пачатку 2025 года знізіўся і агульны паток кітайскіх турыстаў — на 5,6% (амаль 691 тыс. візітаў за дзесяць месяцаў).
«Афіцыйныя даныя пацвердзілі прагнозы тураператараў: з-за перыядычнага закрыцця аэрапортаў, якое ў пачатку летняга сезону прывяло да маштабнага збою палётных праграм, умацавання рубля, блакавання роўмінгу і іншых прычын замежнікі сталі радзей прыязджаць у Расію», — канстатуюць у АТОР.
Акрамя Кітая, у трэцім квартале скараціўся турпаток у РФ і з Ірана — адразу на 47,2% (да 16,6 тыс. візітаў), з ААЭ — на 10,3% (да 21,5 тыс.), з Казахстана — на 10,1% (да 8,3 тыс.) і з Германіі — на 2,9% (да 27,4 тыс.). Пры гэтым у шэрагу выпадкаў, адзначаюць у АТОР, гаворка ідзе не пра экскурсантаў, а пра людзей, якія здзяйснялі дзелавыя або асабістыя паездкі да сваякоў і як фармальную мэту пазначалі турызм.
Некаторыя краіны, наадварот, нарасцілі турпаток у Расію, што, аднак, амаль не адбілася на агульных лічбах, адзначылі ў АТОР. З ліпеня па верасень, паводле даных ФСБ, колькасць турыстаў з Амана вырасла на 118,2% (да амаль 8,9 тыс. візітаў), з Туркменістана — на 68,2% (да 24,1 тыс.), з Індыі — на 59% (да 11,9 тыс.).
У расійскіх рэгіёнах з вясны пачалі масава адключаць мабільны інтэрнэт пад выглядам забеспячэння бяспекі. Гэта найчасцей адбываецца падчас налётаў украінскіх дронаў. Штодня інтэрнэт-шатдаўны фіксуюцца больш чым у 50 рэгіёнах Расіі, вынікае з даных праекта «На сувязі». Акрамя таго, у жніўні ўлады заблакавалі відэа- і галасавыя званкі ў WhatsApp і Telegram.
У пачатку кастрычніка ў Расіі пачалі адключаць мабільны інтэрнэт на замежных SIM-картах, уключаючы eSIM. Гэта закранула ўсіх аператараў, у тым ліку з краін СНД, паведамлялі ў прафільных чатах у мэсенджарах. Прычына абмежаванняў — «перыяд астуджэння», які ўлады РФ планавалі ўвесці для замежных SIM-карт у мэтах бяспекі, паколькі яны могуць выкарыстоўвацца для дыстанцыйнага кіравання баявымі дронамі.