Моцны ўдар ЗСУ: нафтавыя танкеры зніклі з Туапсэ
11- 10.11.2025, 19:46
- 19,854
У расіян сур'ёзныя непрыемнасці.
OSINT-аналітык Мортэн Б'ёрн апублікаваў даныя, якія сведчаць пра рэзкія змены ў актыўнасці расійскіх партоў пасля нядаўніх удараў украінскіх сіл. Паводле яго назіранняў, у раёне Туапсэ зніклі ўсе танкеры, што раней было надзвычай рэдкай з'явай.
Падрабязнасці эксперт апісаў у сваім акаўнце ў X, заўважыў «Дыялог».
Паводле слоў даследчыка, які атрымаў інфармацыю праз сістэму маніторынгу GPS-сігналаў, у акваторыі Туапсэ «не адзначана ніводнага нафтавага або хімічнага танкера». Ён падкрэсліў, што звычайна ў гэтай зоне знаходзілася «не менш за чатыры-пяць суднаў, уключна з тымі, што стаялі на рэйдзе». Цяпер, паводле Б'ёрна, засталіся толькі «некалькі балкераў і невялікія грузавыя судны, не звязаныя з нафтавымі перавозкамі».
Ён таксама вывучыў даныя па Усць-Лузе і паведаміў, што «ў порце назіраецца прыкметная актыўнасць, але частка суднаў ужо доўга стаіць на якары, некаторыя — з 24 кастрычніка». На думку аналітыка, прычыны могуць быць розныя: абмежаванні на пагрузку або падзенне попыту на расійскую нафту.
Што да порта Прыморск, Б'ёрн удакладніў, што «выкарыстоўваецца толькі адзін з трох пагрузачных пірсаў». Ён нагадаў, што 12 верасня па гэтым аб'екце ўжо наносіўся ўдар і «некаторыя збудаванні, магчыма, дагэтуль не адноўлены».
Даследчык падкрэсліў, што яго высновы маюць папярэдні характар і грунтуюцца на адкрытых даных, аднак тэндэнцыі відавочныя: актыўнасць у Туапсэ спынілася, а інфраструктура паўночных партоў працуе з перабоямі.
Даведка
Уначы на 2 лістапада Туапсэ падвергнуўся масіраванай атацы ўкраінскіх беспілотнікаў. Паводле інсайдэраў, наступствы ўдару аказаліся цяжкімі. У порце ўспыхнулі маштабныя пажары, знішчана малое судна «Норд», загарэліся тры танкеры: POLLUX (Панама) з 40 тысячамі тон нафтапрадуктаў, CHAI (Ліберыя) з 56 тысячамі тон паліва і COAST BUSTER (Багамскія астравы), які стаяў без грузу. Расійскі танкер «Сатурн» таксама атрымаў пашкоджанні. Акрамя таго, сур'ёзна пацярпелі прычальныя збудаванні і паліваправод, які злучае нафтабазы з портам.
Мінулой ноччу мясцовыя жыхары зноў чулі выбухі ў раёне Туапсэ: папярэдне, порт атакавалі марскія дроны.