Выставілі на продаж дом, у якім у дзяцінстве жыў Дональд Трамп
2- 10.11.2025, 6:58
- 9,338
Як ён выглядае?
Цёплы дом у ціхім раёне Нью-Ёрка, дзе прайшлі першыя гады жыцця будучага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, выставілі на продаж за 2,3 мільёна долараў.
Пяціпакаёвы дом агульнай плошчай каля 316 квадратных метраў знаходзіцца ў раёне Квінс. У 1940 годзе яго пабудаваў Фрэд Трамп, бацька будучага прэзідэнта. Менавіта тут Дональд Трамп правёў першыя гады жыцця, пакуль сям'я не пераехала ў больш прасторнае жыллё, піша The New York Post.

Гэта асабняк у цюдарскім стылі, які нейкі час нават выкарыстоўваўся для пражывання турыстаў праз Airbnb. Аднак апошнія некалькі гадоў будынак пуставаў і паступова руйнаваўся — пакуль у лютым гэтага года яго не набыў мясцовы забудоўца за 835 тысяч долараў.
Новы ўладальнік правёў маштабную рэканструкцыю ўсяго за восем месяцаў. Ён захаваў арыгінальны фасад дома, але ўнутраная частка была цалкам перабудавана. Цяпер дом зноў выставлены на продаж — пры гэтым з невялікай зніжкай: ён знаходзіцца ў прэстыжным раёне, дзе сярэдні кошт падобных дамоў складае ад 3 да 4 мільёнаў долараў.
