У Расіі абмежавалі продажы Lada Largus з-за праблем з рулявым кіраваннем
7- 10.11.2025, 6:01
- 4,480
Гэтую мадэль актыўна прадаюць і ў Беларусі.
Продажы аўтамабіляў Lada Largus абмежаваныя ў расійскай дылерскай сетцы яшчэ з 21 кастрычніка з-за выяўленых праблем з рулявым кіраваннем, паведамілі у Расстандарце агенцтву РИА Новости. Цяпер ведамства правярае, ці адпавядаюць аўтамабілі патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы транспартных сродкаў.
Абмежаванне ўведзена да завяршэння аналізу інфармацыі, тэставання кампанентаў і даследавання матэрыялаў. «АўтаВАЗ» паведаміў Расстандарт пра прынятыя меры для прадухілення рызык, звязаных з ускладненнем павароту руля.
Паводле звестак ведамства, пры зваротах уладальнікаў выконваецца гарантыйны рамонт. Усе рамонты, праведзеныя на дадзены момант, аказаліся выніковымі — паўторных зваротаў кліентаў не зарэгістравана.
«АўтаВАЗ» сумесна з пастаўшчыком гідраўзмацняльніка рулявога кіравання працягвае шукаць прычыны магчымай неадпаведнасці патрабаванням бяспекі.
Афіцыйнае паведамленне Расстандарта з'явілася пасля публікацыі ў тэлеграм-канале Mash. Выданне паведаміла, што праверка на «АўтаВАЗе» пачалася пасля звароту Нацыянальнага аўтамабільнага саюза. Вадзіцелі скардзіліся: з надыходам халадоў руль «моцна зацягвае, закусвае», што стварае рызыку ДТЗ.
У Mash удакладнілі: фармальна продажы не спынены цалкам — дылеры атрымалі рэкамендацыі па ўстараненні і прафілактыцы выяўленай праблемы. На заводзе ў Іжэўску з 21 кастрычніка праводзяцца праверкі кампанентаў і тэсты.
У «АўтаВАЗе» заявілі выданню, што не атрымлівалі ад Расстандарта дадатковых лістоў пасля першапачатковага запыту. Ніякіх забаронаў у звароце ведамства не ўтрымліваецца, рыхтуецца афіцыйны адказ.
Навіна актуальная для Беларусі: аўтамабілі Lada Largus прадаюцца ў краіне ў афіцыйных дылераў, прычым гэтая мадэль адна з самых папулярных на рынку. Нядаўна, у кастрычніку, у Беларусі пачаліся продажы Largus CNG — версіі, якая працуе як на бензіне, так і на газе.