13 лiстапада 2025, Чацвер, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі дызайнер за $2000 прадае звычайны камень

26
Беларускі дызайнер за $2000 прадае звычайны камень

Аўтар называе яго пратэстам супраць аднаразовага спажывання.

Беларускі дызайнер Ягор Ждановіч адзначыўся чарговым канцэптуальным перформансам. На гэты раз у цэнтры ўвагі апынулася не адзенне, а самы звычайны камень. Ягор нанёс на яго ўласную гравіроўку і прадае за $2000.

Магчыма, проста цяпер гэта самы дарагі камень у Беларусі (калі не лічыць упрыгожванняў). Арт-аб’ект называецца «Нарачанскі валун», ён змешчаны ў прыгожую дызайнерскую скрыначку з аксамітавым дном. Увогуле, сказаць пра яго больш асабліва і няма чаго: камень як камень.

Чымсьці падобным у розны час займаліся многія сучасныя мастакі і модныя брэнды: можна ўзгадаць хаця б цагліны ад Supreme. Каб выйсці за межы жартаў, дызайнер добра пастараўся і зняў для каменя сапраўдную мадную рэкламную кампанію з танцорамі ў белых мантыях.

«Камень — пратэст супраць нормы і аднаразовага спажывання, дзе ідэя памірае ў першай партыі. Ён сімвал сілы, сталасці і каштоўнасці не масавага, а ўсвядомленага выбару», — гаворыцца ў апісанні роліка.

Пра свой эпатажны праект Ягор Ждановіч крыху падрабязней распавёў Onlíner. Чаму менавіта камень? Проста таму, што наўрад ці можна было знайсці прадмет яшчэ больш прымітыўны. Каменю, якому трэба было штучным шляхам надаць каштоўнасць, Ягор знайшоў падчас адпачынку з сябрамі на Нарачы паўгода таму, але пазней замяніў на іншы з той самай лакацыі. Ён кажа, што другі камень проста выглядаў больш эстэтычна.

— Чаму «Нарачанскі валун»? Па-першае, таму што ён сапраўды з Нарачы, па-другое, таму што Нарач — самае папулярнае возера Беларусі, а я абажаю Беларусь, мне падабаецца пра яе распавядаць з дапамогай нейкіх стыльных, прыкольных рэчаў. Мая мара: каб пра Беларусь казалі ва ўсім свеце. І я сам хачу пазіцыянаваць сябе менавіта як беларускага дызайнера.

Першапачаткова камень меўся прадавацца за $1000. Цана падскочыла ў той момант, калі Ягор зразумеў, што выдаткаваў на сам праект значна больш. На відэа пайшло 2200 рублёў, каля 700 каштавала скрыначка, якую зрабіў майстар з Брэста. Гравіроўка — таксама задавальненне нятаннае, мала хто ўвогуле хацеў брацца за падобны заказ. Агульная сума выдаткаў — прыкладна 4500 рублёў. Ці варта было яно таго?

— Камень ужо сабраў даволі шмат каментарыяў. Нядаўна ролік, відаць, трапіў да больш сталай аўдыторыі: там людзі ў асноўным жартуюць пра тое, што «беспрацоўнаму чалавеку няма чым заняцца». Сур’ёзна купіць пакуль ніхто не спрабаваў. Напісала адна дзяўчына, я ўжо паспеў парадавацца, але яна неўзабаве выдаліла перапіску. На самой справе, мне ўжо нават шкада з ім развітвацца, улічваючы той аб’ём працы, які быў зроблены. Але прадаць усё ж хачу: хаця б каб даказаць, што гэта магчыма. Пра гэты камень я яшчэ здымаю вялікае відэа на YouTube, калі знойдзецца пакупнік, ён таксама трапіць туды.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках