У Беларусі збіраюцца адкарэктаваць Працоўны кодэкс
8- 6.10.2025, 22:41
- 15,518
Адна з магчымых навацый датычыцца мужчын.
У Беларусі збіраюцца адкарэктаваць Працоўны кодэкс, паведамляе Федэрацыя прафсаюзаў. Адна з магчымых навацый — увядзенне аплачванага сацыяльнага 14-дзённага адпачынку бацьку пры нараджэнні дзіцяці.
У Федэрацыі прафсаюзаў паведамілі, што ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс.
«Прафсаюзы нараўне з дзяржаўнымі органамі ўключаныя ў адпаведную рабочую групу. У прыватнасці, прафсаюзы падтрымліваюць прапановы аб пашырэнні пераліку работнікаў, якім прадастаўляецца выхадная дапамога ў выпадку звальнення, гарантаванай аплаце сацыяльнага 14-дзённага адпачынку бацьку пры нараджэнні дзіцяці», — удакладняюць у федэрацыі.
Яшчэ адна ініцыятыва прафсаюзаў датычыцца заключэння калектыўных дагавораў.
«Цяпер у Працоўным кодэксе прапісаны толькі парадак уступлення бакоў у калектыўныя перамовы, а тэрмін, на працягу якога ў арганізацыі павінен быць заключаны калектыўны дагавор, не вызначаны, — адзначаюць у федэрацыі. — У выніку на практыцы бываюць выпадкі, калі працэдура падпісання гэтага важнага дакумента зацягваецца па суб'ектыўных прычынах. Таму Федэрацыя прафсаюзаў і прапанавала ўключыць у Працоўны кодэкс норму, згодна з якой калектыўны дагавор павінен быць падпісаны на працягу трох месяцаў з моманту ўступлення бакоў у перамовы. Гэта будзе спрыяць удасканаленню калектыўна-дагаворнай працы і пашырэнню дадатковых гарантый для работнікаў. Дадзеную прапанову падтрымліваюць сацыяльныя партнёры (чыноўнікі і наймальнікі. — Заўв. рэд.)».
Раней у Федэрацыі прафсаюзаў распавядалі, што ўлады сярод іншага могуць пашырыць спіс работнікаў, якім прадастаўляецца выхадная дапамога пры іх звальненні па ініцыятыве наймальніка.
«Напрыклад, не менш за сярэдні двухтыднёвы заробак прапануецца выплачваць у выпадку неяўкі на працу на працягу больш як чатырох месяцаў запар з-за часовай непрацаздольнасці або ўстанаўлення работніку непрацаздольнасці ў адпаведнасці з заключэннем медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі», — удакладнялі ў Федэрацыі прафсаюзаў.
Сярод іншых змяненняў, якія могуць унесці ў Працоўны кодэкс, — адмена падаўжэння кантракта, а замест гэтага заключэнне новых кантрактаў, а таксама ўвядзенне працы ў рэжыме самарэгуляванага працоўнага часу.