Беларуска піла квас, а яе ў вусну ўжаліла аса
19- 6.10.2025, 15:28
- 13,936
Жанчына памерла ў лічаныя хвіліны.
У Быхаўскім раёне 57-гадовая жанчына памерла пасля таго, як яе ўжаліла аса. Падрабязнасці інцыдэнту расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз (ДзКСЭ).
Аса ўжаліла магілёўчанку ў вусну, калі тая піла квас. У жанчыны была алергія на ўжаленні насякомых, расказаў яе муж.
«Выпіўшы тры таблеткі супрацьалергічнага прэпарата, яна, адчуўшы недамаганне, пайшла ў пакой адпачыць, аднак ужо праз некалькі хвілін страціла прытомнасць», — расказалі ў ДзКСЭ.
Хуткая дапамога, што прыбыла, канстатавала смерць жанчыны. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці правялі судова-медыцынскую экспертызу.
Спецыялісты выявілі на целе магілёўчанкі «толькі калатую рану ніжняй вусны, якая магла ўтварыцца ад жала атрутнага насякомага».
«У выніку ўжалення ў пацярпелай развіўся ангіянеўратычны ацёк (ацёк Квінке) вобласці твару, шыі, верхніх дыхальных шляхоў са звужэннем іх прасвету, што прывяло да ўдушша. Смерць наступіла ў лічаныя хвіліны», — заключылі ў ДзКСЭ.