Яшчэ аднаму палітвязню прымусова выдалілі татуіроўку з «Пагоняй»
3- 6.10.2025, 15:12
- 6,500
Выпадак адбыўся ў Магілёўскай калоніі.
Ілья Дубскі стаў не адзіным палітвязнем, якога ў зняволенні прымусілі выдаліць татуіроўку з «Пагоняй». Пра яшчэ адну такую гісторыю распавёў былы палітвязень Сяргей Спарыш, які правёў у зняволенні пяць з паловай года.
Паводле яго слоў, гэта адбылося з палітвязнем у Магілёўскай калоніі № 15. Імя палітвязня Спарыш называць не стаў.
У яго таксама была татуіроўка з «Пагоняй» і бела-чырвона-белым сцягам.
«Аператыўнікі патрабавалі, каб ён таксама знішчыў гэтую татуіроўку, але ён упарта адмаўляўся. Тады пачалі ціснуць на яго сям'ю. Аднойчы падчас званка ягоная сястра плакала, умольвала яго і патрабавала, каб ён выдаліў гэтую татуіроўку, але ён усё адно адмаўляўся. Ён быў вельмі ўпарты чалавек. Тады яго выклікалі на так званую «рэжымку». Там звычайна праводзяць вобыскі, розныя выхаваўчыя гутаркі, таксама там ёсць адзін пакой — «катавальня», дзе могуць людзей збіваць і ставіць на расцяжкі. Яго там звязалі і выклікалі спецыяльнага майстра з волі, які займаўся татуіроўкамі. І ён прымусова ў гэтага звязанага чалавека «перабіў» татуіроўку», — перадае словы Спарыша праваабарончы цэнтр «Вясна».