Данія вырашыла ўзмацніць кантроль над танкерамі
- 6.10.2025, 15:07
- 1,330
Асаблівую ўвагу будуць надаваць старым суднам.
Данія ўзмоцніць праверкі нафтавых танкераў у сваіх тэрытарыяльных водах у межах барацьбы з расійскім «ценявым флотам», паведаміў урад каралеўства. У заяве гаворыцца, што асаблівую ўвагу будуць надаваць старым суднам, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі сырой нафты ў абыход санкцый і ўяўляюць экалагічную пагрозу з-за дрэннага тэхнічнага стану. «Мы павінны спыніць ваенную машыну Пуціна. Мы выкарыстоўваем усе даступныя нам сродкі», — заявіў міністр бізнесу Даніі Мортэн Бёдскоў, перадае Bloomberg.
На мінулым тыдні прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікаў еўрапейскіх саюзнікаў затрымліваць падазроныя танкеры. Ён назваў «надзвычай важным» узмацненне ціску на «ценявы флот» Пуціна, бо гэта «зменшыць магчымасці для фінансавання вайны» і будзе садзейнічаць мірным перамовам. «Вы разбураеце бізнес-мадэль, затрымліваючы гэтыя судны нават на некалькі дзён або тыдняў і прымушаючы іх перабудоўвацца», — падкрэсліў Макрон. У Крамлі заявілі, што «прымуць меры» ў выпадку рэалізацыі гэтага сцэнару і пагразілі «непрадказальнымі наступствамі» для сусветных энергетычных рынкаў.
Пасля пачатку вайны ва Украіне краіны «Групы сямі» (G7) устанавілі ліміт цаны на экспарт расійскай нафты, якая забяспечвае каля чвэрці даходаў бюджэту РФ. У адказ Масква пачала выкарыстоўваць «ценявы флот» — сетку старых суднаў, якія часта змяняюць уласнікаў і сцягі рэгістрацыі, каб схаваць рэальных аператараў. Такія танкеры нярэдка знаходзяцца ў аварыйным стане, не застрахаваныя і фактычна не падсправаздачныя міжнародным рэгулятарам.