Чаму Галівуд не заўважае аднаго з найлепшых брытанскіх акцёраў
8- 6.10.2025, 11:41
- 4,588
Стывен Грэм нядаўна атрымаў «Эмі».
Стывен Грэм — адзін з тых акцёраў, чыё імя рэдка гучыць у спісах галівудскіх зорак, хоць яго талент не саступае самым імянітым. Ураджэнец Ланкашыра даўно даказаў, што здольны іграць каго заўгодна — ад вулічных хуліганаў да глыбока трагічных герояў, піша Far Out Magazine (пераклад — сайт Charter97.org).
2021 год стаў для яго пераломным. Ён ззяў у турэмнай драме BBC «Час» і напружаным фільме «Кропка кіпення», знятым адным дублем. Пазней былі ўдзел у «Вострых казырках», серыял па «Кропцы кіпення» і, нарэшце, трыумф — роля бацькі праблемнага падлетка ў серыяле «Пераходны ўзрост», якая прынесла акцёру доўгачаканую прэмію «Эмі» ў 2025 годзе.
Аднак, здаецца, Галівуд так і не зразумеў, што рабіць з такім талентам. У блокбастарах Грэм з'яўляўся толькі эпізадычна — «Піраты Карыбскага мора», «Вэнам», «Хэлбой» — усе яны не дазволілі яму раскрыцца. Нават у сур'ёзных праектах, кшталту «Ірландца» Скарсэзэ і «Джоні Д.» Майкла Мана, акцёр заставаўся на другарадных ролях.
Парадакс у тым, што Грэм занадта добры ў падтрымцы іншых. Ён падымае ўзровень любой сцэны, робячы зорак вакол яскравейшымі. Магчыма, менавіта таму яго рэдка ставяць на чале афішы. Але цяпер, калі ён стаў «уладальнікам Эмі Стывенам Грэмам», індустрыя, нарэшце, павінна заўважыць, што перад ёй адзін з найвялікшых акцёраў свайго пакалення.