Хтосьці хлусіць
3- 6.10.2025, 8:09
- 7,572
Заявы Лукашэнкі разыходзяцца са словамі ягоных чыноўнікаў.
Выступаючы ў Крычаве на абласных «Дажынках», кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой казаў пра «выдатныя вынікі», якіх беларускія аграрыі дасягнулі дзякуючы «каласальнай увазе» кіраўніка, піша «Салідарнасць».
«Рэзервы велізарныя, асабліва ў эфектыўнасці продажаў нашай прадукцыі на знешніх рынках», — рапартаваў чыноўнік.
А побач не шкадавала пахвалы віцэ-прэм’ер Наталля Петкевіч, якая назвала беларускую сельскую гаспадарку «найлепшай дыпламатыяй»:
— Вы знайшлі самы надзейны шлях замацаваць месца нашай рэспублікі на сусветнай арэне. Вы заваявалі мільёны сэрцаў на ўсіх кантынентах сваёй прадукцыяй. Вы літаральна зрабілі іх фанатамі, падсадзілі на беларускія прадукты людзей розных нацыянальнасцяў ва ўсіх кутках свету.
Пры гэтым ні Петкевіч, ні Крутой і словам не абмоўліліся пра такія «выдатныя вынікі», як дэфіцыт бульбы і яблыкаў унутры краіны.
Не кажучы ўжо пра «гістарычныя рэкорды» ў жывёлагадоўлі, што вымяраюцца дзясяткамі тысяч галоў загінулай ад хвароб і дрэннага корму жывёлы.
Без каментарыяў высокіх гасцей засталося і пытанне, навошта «паспяховай» сельскай гаспадарцы дапамога міліцыі і супрацоўнікаў МНС. Якая надзвычайная сітуацыя здарылася на палях, што сотням выратавальнікаў Магілёўшчыны давялося «ў вольны ад службы час змагацца за ўраджай»?
А тым часам кіраўнік раз за разам абвяргае аптымістычныя заявы сваіх падначаленых. Сёлета ўлетку ён фактычна прызнаў правал у бульбаводстве, звыкла зваліўшы ўсё на простых беларусаў.
У верасні дайшла чарга прызнаць яшчэ адну непрыемную праблему, калі ён прамым тэкстам прапанаваў кіраўніку Гродзеншчыны закупляць дэфіцытныя яблыкі ў палякаў.
Прымільгалыя калісьці паездкі па сельгаспрадпрыемствах сёння даюць шмат падставаў задумацца. Вось чалавек, які законсераваў у краіне на дзесяцігоддзі калгасны лад, папракае кагосьці акуратна апрацаванымі палямі — «спецыяльна пад прыезд».
А вось ён хваліцца надоямі на сваёй «прэзідэнцкай ферме» і, пачуўшы ў адказ, што «мы тут прыблізна столькі ж надойваем», пыхліва каментуе: «Ну, гэта ў цябе разам з хлуснёй столькі атрымліваецца, з прыпіскамі».
І адно з найбольш каштоўных прызнанняў — у былым саўгасе «Гарадзец» яго даўні кіраўнік бачыць «адну з найгоршых гаспадарак». Той самы «Гарадзец», у які ён двойчы ўліваў мільёны з бюджэту.