Carlsberg стварыла найменшую ў свеце бутэльку піва
4- 25.10.2025, 17:14
- 3,700
0,05 мілілітра.
Дацкая кампанія Carlsberg прадставіла найменшую ў свеце бутэльку піва — мініяцюрную шкляную ёмістасць вышынёй усяго 12 міліметраў, прыкладна як рысавае зярнятка, паведамляе New Voice.
Унутры змяшчаецца ўсяго 0,05 мілілітра безалкагольнага піва, што складае 0,008% ад аб’ёму стандартнай пінты.
Як адзначаюць у Carlsberg, гэты мікраскапічны экспанат створаны не для ўжывання, а як сімвал адказных адносін да алкаголю. «Мы імкнемся нагадаць людзям пра важнасць умеранага спажывання напояў. Гэта — наша самая ўмераная ідэя за ўсю гісторыю», — заявіў Каспер Даніэльсан, кіраўнік камунікацый Carlsberg Sweden.
Міні-бутэльку вырабіла шведская кампанія Glaskomponent, якая спецыялізуецца на лабараторным шкле. Мастачка-мініяцюрыстка Оса Стрэнд уручную прымацавала этыкетку, корку і чарніла. Па яе словах, стварэнне мадэлі вышынёй 12 мм патрабавала «дакладнасці, цярплівасці і крэатыўнасці», бо не існавала ніводнай тэхналогіі для такой працы.
Каб напоўніць бутэльку, Шведскі дзяржаўны навукова-даследчы інстытут RISE распрацаваў ультратонкія трубкі, падобныя да тых, што выкарыстоўваюцца ў валаконнай аптыцы. Змесціва бутэлькі — спецыяльна зварынае безалкагольнае піва з насычаным смакам, створанае на эксперыментальнай піваварні Carlsberg у Фалькенбергу.
Carlsberg плануе выставіць мініяцюрную бутэльку ў сваім музеі ў Капенгагене, а таксама абвясціла конкурс сярод студэнтаў Каралеўскага тэхналагічнага інстытута Стакгольма: таму, хто створыць яшчэ меншую бутэльку піва, абяцаюць 10 000 шведскіх крон (прыблізна 920 еўра) і паездку ў даследчую лабараторыю кампаніі.
Піваварня нагадвае, што ў гісторыі Carlsberg інавацыі заўсёды адыгрывалі ключавую ролю. Менавіта ў яе лабараторыі ў 1883 годзе Эміль Хрысціян Хансен распрацаваў метад ачышчэння дражджэй, а Сёрэн Сёрэнсэн больш як праз дзесяць гадоў увёў паняцце pH, якое дагэтуль выкарыстоўваецца ў харчовай прамысловасці.