ISW распавёў, што стаіць за выступленнем прадстаўніка беларускага КДБ
13- 25.10.2025, 21:25
- 25,960
Аналітыкі назвалі яго абсурдным.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) у сваім свежым дакладзе звярнулі ўвагу на выступ першага намесніка старшыні КДБ Сяргея Церэбава на трэцяй канферэнцыі СНД па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму, якая адбылася ў Душанбэ (Таджыкістан). Высокапастаўлены супрацоўнік спецслужбаў заявіў, што палітычныя апаненты беларускіх уладаў рыхтуюць на тэрыторыі краін Еўрасаюза «вызвольную армію» колькасцю ад 9 000 да 15 000 чалавек для нападу на нашу краіну.
Паводле яго слоў, у якасці асновы «так званай арміі разглядаюцца незаконныя ўзброеныя фармаванні з ліку грамадзян Беларусі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Польшчы, Украіны і Літвы».
Як адзначаюць у Інстытуце вывучэння вайны, афіцыйныя асобы Беларусі «і раней рабілі абсурдныя заявы пра меркаваныя спробы НАТА дэстабілізаваць так званую Саюзную дзяржаву — а значыць, Расію».
«Апошнія заявы Церэбава прагучалі на фоне актывізацыі Расіяй аперацый кагнітыўнай вайны і ранейшага папярэджання Службы вонкавай разведкі Расіі (СВР) ад 30 верасня пра тое, што Украіна можа ўчыніць правакацыю пад чужым сцягам супраць Польшчы і перакласці падазрэнні на Расію і Беларусь. Расія і Беларусь маглі б выкарыстаць заяву Церэбава для апраўдання будучай агрэсіі супраць Польшчы і Літвы, уключаючы дыверсійныя аперацыі і ўварванні ў паветраную прастору супраць членаў НАТА паблізу Беларусі», — піша ISW.