7 снежня 2025, Нядзеля, 20:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ў Лукашэнкі «алергія» на каву?

21
Чаму ў Лукашэнкі «алергія» на каву?

Метафізічны выбар дыктатара не выпадковы.

Чаму Аляксандр Лукашэнка занепакоіўся людзьмі, якія п’юць каву на запраўках? Пра метафізічнае значэнне «наезду» беларускага кіраўніка на аматараў гэтага бадзёрага напою ў сваёй аўтарскай праграме «Навіны з Чалым» на канале БРЦ разважае аналітык Сяргей Чалы.

Па-першае, адзначае ён, вялікае сімвалічнае значэнне мае сам выбар аб’екта прэтэнзіі — кава.

«Заўважце, не чай, не ліманад, не мінералку. А справа ў тым, што кава мае доўгую і адназначную рэпутацыю. Як казаў Томас Джэферсан, кава — любімы напой цывілізаванага свету», — кажа Сяргей Чалы і дае вялікую гістарычную даведку:

«На тэрыторыю Беларусі кавовыя зярняты патрапілі яшчэ напрыканцы XV стагоддзя пасля перамогі саюзных еўрапейскіх войскаў над Турцыяй у бітве пад Венай. Камандуючы гэтымі войскамі Ян Сабескі, Вялікі князь Літоўскі, вярнуўся з вялікай колькасцю здабычы, сярод якой было 300 мяшкоў кавы. Частка гэтага трафея дасталася шляхецкім воінам, якія прывезлі гэты напой у свае маёнткі.

Цікава, што ў самой Вене гараджане доўгі час не ведалі, што рабіць з кавовымі зярнятамі. І толькі літвін Францішак Кульчыцкі, даведаўшыся ў старога турка сакрэт, як правільна варыць каву, адкрыў у горадзе адну з першых кавярняў.

З тых часоў кавярні былі сімвалам свабоды і вальнадумства. У іх часта выступалі палітыкі, паэты, пісьменнікі; менавіта наведвальнікаў парыжскіх кавярань часоў Асветніцтва тады называлі грамадзянскай супольнасцю. Менавіта сярод іх нараджаліся ідэі будучай рэвалюцыі».

Як адзначае Сяргей Чалы, да заваявання Беларусі Расіяй галоўным шляхецкім напоем была менавіта кава. А вось чай з’явіўся ў Беларусі толькі ў XIX стагоддзі «разам з рускімі чыноўнікамі, якія прыязджалі на службу са сваімі самаварамі».

Таму, паводле яго слоў, выбар кавы, а не чаю як аб’екта для нападак сведчыць і пра геапалітычны выбар Аляксандра Лукашэнкі — Расія замест Еўропы.

«Нядзіўна таму, што ў Лукашэнкі падсвядома з’ядналіся нелюбоў да кавярняў і чаргаў, — працягвае Чалы. — Вось з чэргамі ў дваццатым годзе змагаўся яго «гэстапік», бачыўшы ў іх несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Ну, як гэта было, напрыклад, у выпадку чаргаў у краму беларускай сімволікі «Будзьма», што закрывалася, або ў кавярню «O’Petit» на Нямізе. А незадоўга да гэтага змагаўся і з самою кавярняю «O’Petit», якая стала адным з сімвалаў беларускага супраціву, шкляныя дзверы якой разбіваў асабіста начальнік «гэстапіка» Мікалай Карпенкоў у пошуках, натуральна, той самай грамадзянскай супольнасці і тых самых вальнадумцаў», — робіць выснову Чалы.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках