CNN: Орбан апынуўся ў пастцы
13- 25.10.2025, 16:30
- 27,104
Прэм’ер-міністр Венгрыі атрымаў падвойны ўдар.
Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан пацярпеў палітычны ўдар — пасля таго, як адміністрацыя Дональда Трампа адмяніла запланаваны ў Будапешце саміт з удзелам Уладзіміра Пуціна, а таксама абвясціла пра новыя санкцыі супраць расійскіх нафтавых кампаній. Гэта першыя абмежаванні Вашынгтона супраць Масквы ад часу вяртання Трампа ў Белы дом, піша CNN.
Яшчэ на мінулым тыдні Орбан радаваўся, што ягоная краіна стане месцам сустрэчы двух сусветных лідараў, называючы Будапешт «шляхам да міру». Аднак цяпер, замест дыпламатычнага трыумфу, Венгрыя апынулася пад падвойным эканамічным ціскам.
Санкцыі ЗША і новыя забароны ЕС — падвойны ўдар па Венгрыі
Санкцыі Трампа супраць расійскіх нафтавых гігантаў накіраваныя на скарачэнне даходаў Крамля, аднак яны балюча б’юць і па эканоміцы самой Венгрыі. На тле таго, што большасць краін ЕС з 2022 года скараціла залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў, Будапешт, наадварот, яшчэ больш заглыбіўся ў яе.
Паводле даных аналітычных цэнтраў CSD і CREA, цяпер 92% імпарту сырой нафты Венгрыі паступае з Расіі — супраць 61% да пачатку вайны. Толькі з пачатку года венгерскія закупкі прынеслі Крамлю 5,4 мільярда еўра, што эквівалентна кошту 1800 ракет «Іскандэр-М».
ЕС таксама пацвердзіў планы забараніць імпарт расійскага звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ) з 2027 года, што яшчэ больш ускладняе энергетычную сітуацыю для Будапешта. Сам Орбан прызнае, што без расійскіх энерганосьбітаў эканоміку яго краіны могуць «паставіць на калені».
Орбан абяцае «абыйсці» санкцыі
Нягледзячы на ціск з боку ЗША і Бруселя, Орбан у пятніцу заявіў, што яго ўрад «працуе над тым, як абыйсці санкцыі», не ўдакладніўшы, як менавіта плануе гэта зрабіць.
Гэтая пазіцыя можа стаць сур’ёзным выклікам для адміністрацыі Трампа. Як адзначае старшы навуковы супрацоўнік Інстытута міжнароднай эканомікі Пітэрсана Эліна Рыбакова, рэакцыя Вашынгтона на спробы Венгрыі пазбегнуць санкцый пакажа, наколькі рашуча Трамп гатовы супрацьстаяць саюзнікам Пуціна.
«Што гэта будзе: сяброўская сустрэча Пуціна і Трампа ў Венгрыі ці адмова ад адміністрацыі Орбана, калі тая паспрабуе пазбегнуць санкцый?», — сказала Рыбакова ў каментары CNN.
Палітычны крызіс унутры краіны
Сітуацыя пагаршаецца для Орбана і на ўнутраным фронце. Ён сутыкаецца з нарастаючым апазіцыйным рухам, які ўзначальвае яго былы саюзнік Пэтер Мадзяр, які можа стварыць сур’ёзную канкурэнцыю на выбарах вясной.
Орбан, які ўжо больш за дзесяць гадоў утрымлівае ўладу, спадзяваўся, што саміт Трампа і Пуціна стане для яго сімвалам палітычнага поспеху і міжнароднага ўплыву. Замест гэтага ён атрымаў адменены саміт, новыя санкцыі і пагрозу эканамічнага крызісу, які можа падарваць яго пазіцыі напярэдадні выбараў.