Пуціну паведамілі пра абвальнае падзенне мытных збораў у бюджэт
- 25.10.2025, 3:33
- 13,404
Новая праблема расійскай эканомікі.
Федэральная мытная служба сёлета плануе сабраць у федэральны бюджэт 5,965 трлн рублёў, паведаміў на сустрэчы з Пуціным кіраўнік ФТС Валерый Пікалеў, паведамляе The Moscow Times.
«Усяго на сёння намі пералічана ў бюджэт РФ 4,5 трлн рублёў. На імпарт прыходзіцца 3 трлн 745 млрд, на экспарт — амаль 400 млрд, на іншыя плацяжы — 343 млрд рублёў. Планавае заданне для ФТС Расіі на 2025 год склала 5 трлн 965,9 млрд рублёў», — даклаў Пікалеў.
У параўнанні з мінулым годам (7,35 трлн рублёў), як вынікае з ацэнак кіраўніка ФТС, мытныя зборы скарацяцца на 19%, або 1,4 трлн рублёў, і стануць найніжэйшымі за апошнія 5 гадоў. Так, у 2023 годзе ФТС прынесла ў казну 6,62 трлн рублёў, у 2022 годзе — 6,2 трлн, у 2021-м — 7,156 трлн, у 2020-м, на фоне пандэміі і абвалу коштаў на нафту, — усяго 4,752 трлн рублёў.
Першапачаткова Мінфін чакаў ад ФТС сёлета 8 трлн рублёў для бюджэту. Аднак фактычны вынік будзе на 2 трлн рублёў, або на чвэрць ніжэй за першапачатковы план, вынікае з заяў Пікалева.
Правал мытных збораў абяцае новую галаўную боль расійскаму бюджэту, які сёлета ўжо сутыкнуўся з недаборам ключавых падаткаў — як сыравінных, так і несыравінных.