Паміж палоўцаў і печанегаў
2- Кірыл Мартынаў
- 23.10.2025, 22:01
- 17,466
23 кастрычніка 2025 года мы ступілі ў новую эру.
Нягледзячы на грамадскую стому ад гістарычных часоў, давайце зафіксуем: 23 кастрычніка 2025 года мы ступілі ў новую эру. Тунэль пад Бэрынгавым пралівам і дакументы пра забойства Кенэдзі не сталі дастатковай узнагародай для Трампа, Дональд наш аказаўся не бацькам, а сукай і ўвёў першыя за свой цяперашні прэзідэнцкі тэрмін санкцыі супраць Расіі.
Гэтыя санкцыі супраць найбуйнейшых нафтаздабывальных кампаній Раснафта і Лукойл не прывядуць да спынення вайны, але прыкметна падцягнуць эканамічную ўдаўку на шыі нафтавай звышдзяржавы, якая па прыхамаці дыктатара вырашыла цягацца з дарослымі ў падзеле свету. На тое, каб згарнуць кантракты з нафтаздабыўцамі з РФ, спатрэбіцца месяц, а пасля гэтага гандаль з імі будзе мець наступствы ў Федэральным казначэйстве: ахвотных будзе няшмат. Ад балбатні Трамп, які страціў з Пуціным паўгода, перайшоў да справы і працягнуў у гэтым пытанні палітыку адміністрацыі Байдэна.
ЕС адразу вынес 19-ы пакет санкцый, які ляжаў на выпадак, калі Дональд усё ж адважыцца парваць крохкую дружбу з чырвонай дарожкі ў Анкорыджы. Найбольш драматычнае ў ім — спроба абкласці санкцыямі крыптавалютны рынак для расіян, які толькі што быў легалізаваны ўрадам РФ для знешніх разлікаў, бо іншых прыдатных фінансавых сродкаў не засталося. За доступ праксі-структур РФ да крыптавалюты разгорнецца не менш лютая бітва, чым за спробы спыніць ценявы танкерны флот.
Надзвычай цікавая задача ў сувязі з гэтым стаіць перад расійскай прапагандай. Яна з пачатку года накачвала грамадзян ідэяй, што вось-вось прыедзе вашынгтонскі пан, і ўсё будзе добра, старанна распавядала пра гістарычны досвед сяброўства з Амерыкай: сустрэча на Эльбе там, Амерыканская рэвалюцыя, і нават прадпрыняла агональную спробу разам з Маскам пракапаць тунэль на Аляску, прыдуманы яшчэ ў эпоху сяброўства Хрушчова і Кенэдзі.
Галоўнымі ворагамі РФ у 2025 годзе былі англасаксы мінус янкі: ва ўсім была вінаватая Вялікабрытанія, гэта яна ўцягнула Украіну ў вайну (летась, для параўнання, ва ўсім былі вінаватыя яшчэ і ЗША). Грамадзяне, наслухаўшыся гэтага, слушна разлічвалі, што калі ўжо і Амерыка за нашых, то наперадзе мір і жуйка, як заўсёды бывае, калі Амерыка на тваім баку. Грамадскія настроі ў Расіі, з усімі папраўкамі на немагчымасць вольна гаварыць, да канца лета сур'ёзна пахіснуліся на карысць вечнага міру па-Трампу.
Цяпер гэтую дылему трэба неяк асэнсаваць, таму лепшыя розумы ўжо б'юцца над тэмнікамі. Крыўдлівы Дзмітрый Мядзведзеў, якога Трамп некалькі месяцаў таму заткнуў, як пяцікласніка на ўроку, паслаўшы да яго парты падводныя лодкі, ужо выйшаў з творчага адпачынку, каб абвясціць, што маскі скінутыя: мы вядзём вайну з Амерыкай, і гэта нават вельмі добра, бо цяпер можна паліць з усіх калібраў па бандэраўскіх норах, не чакаючы марных мірных перамоў. Вось такую лухту ён напісаў.
Пуцін выказаўся больш сарамліва, паведаміўшы, што ён заўсёды выступаў за мірны дыялог, але пад такім ціскам ні адна краіна ні на што не пагодзіцца. На Пуціна націснулі на нейкае месца, дзесьці паміж палоўцамі і печанегамі.
Трамп жа раптам набыў сярэднетэрміновую памяць і нагадаў, што яны доўга чакалі, перш чым перайсці да зразумелай кожнаму мовы санкцый, і што ён увогуле не разумее, як Пуцін збіраўся дабірацца да Будапешта. Так пакуль скончылася спроба Пуціна адкрыць для сябе чырвоныя дарожкі на трэцім кантыненце.
Кірыл Мартынаў, Telegram