9 снежня 2025, aўторак, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы раскрылі таямніцу рыжых катоў

3
Навукоўцы раскрылі таямніцу рыжых катоў

Каты з рыжай шэрсцю доўгія гады інтрыгавалі даследчыкаў.

У даследаванні, апублікаваным у Current Biology, навукоўцы выявілі генетычную мутацыю рыжага афарбавання ў катоў, якая не сустракаецца ў іншых млекакормячых, піша Naked science.

Мутацыя, якая адказвае за рыжую афарбоўку, звязаная з X-храмасомай. Каб самкі былі цалкам рыжыя, абедзве X-храмасомы павінны несці рыжы ген, што здараецца вельмі рэдка. Часцей у самак сустракаецца чарапаховая афарбоўка, якая спалучае рыжы і чорны. У самцоў — толькі адна X-храмасома, а значыць — толькі адна версія гена афарбоўкі. Калі гэтая версія аказваецца рыжай, то самец будзе цалкам рыжым.

У большасці млекакормячых рыжая або з жаўтлявым адценнем шэрсць узнікае ў выніку мутацый у адным з двух спецыфічных пігментных генаў. Аднак у большасці жывёл гэтыя гены не звязаныя з полам. Дамашнія каты — выключэнне.

Навукоўцы зразумелі, што шукаюць мутацыю X-храмасомы, якая сустракаецца толькі ў дамашніх прадстаўнікоў каціных, але адшукаць яе не ўдавалася. Каб знайсці мутацыю, каманда даследчыкаў прааналізавала геномы рыжых катоў. Яны працавалі з узорамі ДНК з клінік стэрылізацыі і кастрацыі, выкарыстоўваючы перадавыя інструменты, якіх яшчэ не было дзесяць гадоў таму.

Навукоўцы выявілі на X-храмасоме драбнюткую мутацыю, з-за якой ген Arhgap36 актывуецца ў пігментных клетках. Гэта незвычайны ген, які ў людзей звязваюць з некаторымі нейраэндокрыннымі пухлінамі. З афарбоўкай шэрсці ў жывёл яго раней не звязвалі.

У катоў мутацыя праяўляецца ў пігментных клетках, парушаючы працу клеткавага механізму, які адказвае за выпрацоўку меланіну. Блакуючы адзін з апошніх этапаў шляху ўтварэння пігмента, мутацыя фактычна пераключае палітру шэрсці з цёмнай на ярка-рыжую.

Гэта мутацыя не новая. Яшчэ на сярэднявечных мініяцюрах XII стагоддзя намаляваныя трохколерныя каты. Паводле меркавання даследчыкаў, мутацыя ўзнікла на ранніх этапах даместыкацыі катоў. Магчыма, яна магла ўмацавацца дзякуючы ўплыву чалавека.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках