АПЕК гатовая кампенсаваць дэфіцыт нафты пасля санкцый ЗША супраць Расіі
4- 23.10.2025, 22:59
- 6,884
Зарабяць краіны Персідскага заліва і Блізкага Усходу.
АПЕК гатовая кампенсаваць дэфіцыт на рынку нафты пасля ўвядзення ЗША санкцый супраць Расіі, калі на гэта будзе попыт, заявіў міністр нафты Кувейта Тарэк ар-Румі. Ён таксама адзначыў, што варта чакаць росту цэн на нафту. Яго цытуе кувейтская газета Al Anbaa.
Міністр адзначыў, што краіны, якія пацярпелі ад санкцый, верагодна, перанакіруюць свой попыт на нафту ў бок дзяржаў Персідскага заліва і Блізкага Усходу. Паводле яго слоў, першыя прыкметы гэтага ўжо бачныя, і краіны АПЕК гатовыя задаволіць дадатковы попыт.
«Усе краіны АПЕК цяпер экспартуюць менш за свае магчымасці, і ў выпадку росту попыту могуць вярнуць здабычу да ранейшага ўзроўню. (...) АПЕК гатовая вярнуць на рынак аб'ёмы, якія раней былі выведзеныя. Раней мы скарацілі здабычу прыблізна на 1,6 мільёна барэляў у суткі і вяртаем іх паступова, штомесяц. У выпадку павелічэння попыту мы гатовыя цалкам аднавіць ранейшыя аб'ёмы».
23 кастрычніка ЗША і Еўрапейскі саюз адначасова ўвялі новыя санкцыі супраць нафтавага сектара Расіі — упершыню з моманту вяртання Дональда Трампа у Белы дом.
Пад абмежаванні трапілі найбуйнейшыя расійскія экспарцёры нафты — «Лукойл» і «Раснафта».