Лукашэнка супраць магістратуры для народу
10- 23.10.2025, 20:23
- 9,222
Але ёсць выключэнне.
Гісторыя далучэння Беларусі да Балонскага працэсу была даволі кароткай і не надта радаснай. У 2010 годзе Лукашэнка даручыў пачаць працэс, у 2015-м гэта, нарэшце, удалося. А ўжо ў 2022-м Беларусь і Расію выключылі з Балонскага працэсу. Але двухузроўневая сістэма вышэйшай адукацыі, з бакалаўрыятам і магістратурай, засталася. І яна працягвае раздражняць Лукашэнку, піша planbmedia.io.
Такая вучоба нам не патрэбная
Сёння падчас нарады ён ізноў паставіў пытанне аб функцыянаванні магістратуры.
«Некалькі гадоў таму мы з вамі грунтоўна пагаварылі на гэтую тэму і вызначыліся: ніякага Балонскага працэсу, у нас нармальная адукацыя», — сказаў Лукашэнка.
Ён чарговы раз узгадаў, як яго ўгаворвалі рыхтаваць «спецыялістаў на ўсе рукі», на якіх будзе попыт за межамі краіны. «Я памятаю гэтую размову. Дык што, у беларускіх універсітэтах будзеце рыхтаваць людзей для замежжа?» — абурыўся ён.
Праўда, ўзаемнае прызнанне дыпломаў, прадугледжанае Балонскім працэсам, мае і відавочныя плюсы. Нават Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі вучыцца шмат замежнікаў, якія хацелі б скончыць магістратуру. «Добра, давайце так і зробім. Яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру. Прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку. Колькі захочаце гадоў. Вашы грошы, мы вас навучаем. Едзьце куды заўгодна працаваць», — заявіў ён.
Што да падрыхтоўкі ў магістратуры айчынных спецыялістаў, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, было прынята рашэнне, што магістрантамі будуць тыя, хто надалей будзе займацца навукай і выкладаннем. «Як справы цяпер? Хацеў бы, каб міністр адукацыі тут дакладна і адназначна далажыў».
Чым перашкаджае магістратура?
Словы Іванца прэс-служба не прыводзіць. Праўда, нядаўна ў інтэрв’ю выданню «Беларускі час» ён распавядаў, што будзе з магістратурай і аспірантурай у Беларусі.
«За даволі працяглы перыяд часу магістратура ў тым аб’ёме, у якім павінна была знайсці сябе на рынку працы, не ў поўнай меры здолела рэалізавацца, — сказаў Іванец і дадаў: — Гэта не значыць, што нам трэба ад яе адмаўляцца. Зусім не».
У чым жа правінілася магістратура? Іванец лічыць, што яна магла станавіцца свайго роду бар’ерам на шляху да навуковай дзейнасці. «Калі таленавітыя і адораныя маладыя людзі хочуць займацца навукай, неабходна стварыць ім умовы не толькі для прыходу ў магістратуру, але і ў аспірантуру без абавязковага заканчэння магістратуры. То бок скаротзіць ім шлях у навуку, выключыўшы штучны бар’ер».
Перашкаджала магістратура і абнаўленню кадраў ВНУ. «Цяпер, каб выкладаць у ВНУ, неабходная наяўнасць дыплома магістра. Лічым, калі малады чалавек здольны займацца выкладчыцкай дзейнасцю ў ВНУ, то можа сумяшчаць яе з навучаннем у аспірантуры. І гэта павінен вырашаць вучоны савет універсітэта», — гаварыў Іванец.
Так што карыснай магістратура была ў асноўным тым, хто планаваў ад’езд за межы краіны, і студэнтам-замежнікам, на якіх Беларусь заўсёды была не супраць зарабіць.
Цікава, што негатыўныя пачуцці Лукашэнкі да магістратуры пачаліся яшчэ да 2020 года. Яшчэ ў студзені 2019-га ён заяўляў, што Беларусі не варта пераймаць досвед Расіі ў галіне падрыхтоўкі магістраў у ВНУ.
«Глядзіце, каб ні ў якім разе мы не запазычылі гэты досвед, які пераняла Расія, і цяпер не ведае, што з ім рабіць», — заявіў ён.
Магістратура — для абраных
Падвышаная цікавасць Лукашэнкі да даволі вузкай тэмы не выпадковая. Мікалай Лукашэнка скончыў тры курсы БДУ па бакалаўрскай праграме па спецыяльнасці «Біятэхналогія» і працягвае вучобу. Аляксандр Лукашэнка летам сустрэўся з рэктарам Пекінскага ўніверсітэта Гун Цыхуанам. Яны абмеркавалі будучыню адукацыйных праграм. Тады ж падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве па рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы магістратуры паміж Пекінскім універсітэтам і БДУ.
Беларусь разлічвае на больш глыбокае супрацоўніцтва з Кітаем у сферы адукацыі, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі. Сёння ў Беларусі навучаюцца 11,5 тысячы студэнтаў з Кітая. А ў Кітаі — 1,5 тысячы беларускіх студэнтаў:
Пекінскі ўніверсітэт — ключавы партнёр БДУ сярод кітайскіх навучальных устаноў. З 2022–2023 навучальнага года распачата рэалізацыя эксперыментальнай сумеснай адукацыйнай праграмы для навучання на бакалаўрыяце па спецыяльнасці «Біятэхналогія», пішуць дзяржаўныя СМІ. Менавіта на ёй вучыцца малодшы сын Лукашэнкі Мікалай.
«Я вельмі рады, што мы запусцілі сумесную праграму па навучанні па спецыяльнасці «Біятэхналогія». Пасля заканчэння трохгадовай праграмы наступны этап — устанаўленне двухгадовага больш паглыбленага вывучэння біятэхналогій», — заявіў рэктар Пекінскага ўніверсітэта.
Цікава, што з першага ж курса сын Лукашэнкі атрымлівае так званую «прэзідэнцкую стыпендыю». У 2023 годзе ён стаў адзіным першакурснікам краіны, удастоеным гэтай выплаты. Можа, і магістрантам Коля павінен быць адзіным?