Кітайскія дзяржкампаніі прыпынілі закупкі расійскай нафты
2- 23.10.2025, 18:05
- 5,210
Услед за Індыяй.
Дзяржаўныя нафтавыя кампаніі Кітая прыпынілі закупкі нафты ў Расіі з-за санкцый ЗША, пад якія трапілі «Роснефть» і «Лукойл».
Як паведамляе Reuters са спасылкай на галінавыя крыніцы, PetroChina, Sinopec, CNOOC і Zhenhua Oil вырашылі ўстрымацца ад новых здзелак з расійскімі барэлямі прынамсі ў кароткатэрміновай перспектыве.
Гэта закране да трэці экспарту расійскай нафты ў Кітай па моры: дзяржаўныя кампаніі закупляюць у РФ ад 250 да 500 тысяч барэляў у суткі, згодна з ацэнкамі Vortexa і Energy Aspects. Усяго ж танкеры дастаўляюць у КНР 1,4 млн барэляў у суткі расійскага паходжання. Асноўная частка гэтых паставак, зрэшты, ідзе незалежным прыватным НПЗ. Яны, хутчэй за ўсё, паставяць імпарт з Расіі на паўзу, але будуць імкнуцца яго аднавіць, сказалі крыніцы Reuters.
Раней стала вядома, што ад нафты з Расіі адмаўляюцца найбуйнейшыя НПЗ Індыі. З-за санкцый яны плануюць скараціць імпарт з РФ амаль да нуля.