У Беларусі змянілі парадак аказання медыцынскай дапамогі
3- 23.10.2025, 14:44
- 9,072
Папераў стане больш.
Мінздароўя вызначыла парадак накіравання пацыентаў на кансультацыі, абследаванні і шпіталізацыю.
Дакумент ужо ўступіў у сілу. Азнаёміцца з ім можна на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Што канкрэтна зменіцца для пацыентаў:
Без накіравання цяпер нікуды
Паводле новых правілаў, аказанне пацыентам медыцынскай дапамогі ў стацыянарных умовах ажыццяўляецца толькі на падставе накіравання арганізацыі. Выключэнне складаюць толькі экстранныя выпадкі.
Пацыентаў могуць накіроўваць для правядзення кансультацыі і абследавання да спецыялістаў іншых устаноў, а таксама на шпіталізацыю ў арганізацыі раённага, гарадскога, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў па медыцынскіх паказаннях.
Каб атрымаць стацыянарную медыцынскую дапамогу, у чалавека, які звярнуўся, павінна быць пры сабе два дакументы:
- накіраванне з подпісам лекара-спецыяліста
- выпіска з медыцынскіх дакументаў з неабходнымі даследаваннямі і тэрмінамі даўнасці.
Тэрміны шпіталізацыі
Пасля паступлення дакументаў рашэнне аб шпіталізацыі павінна быць прынята не пазней чым праз тры працоўныя дні.
У выпадку правядзення вочнай кансультацыі – не больш за адзін працоўны дзень.
Хто можа выдаць накіраванне
У медыцынскія ўстановы ўсіх узроўняў – ад раённага да рэспубліканскага – можна трапіць па рашэнні:
- лекара-спецыяліста
- кіраўнікоў арганізацый і іх намеснікаў
- супрацоўнікаў упраўленняў аховы здароўя аблвыканкамаў і Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама
- спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя, якія курыруюць пытанні аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву
- міністра аховы здароўя і яго намеснікаў.
Важны момант: прыватныя клінікі пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў у пацыентаў абавязалі накіроўваць іх толькі ў дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя.