Прэзідэнт Польшчы абмеркаваў з перавозчыкамі сітуацыю на мяжы з Беларуссю
1- 23.10.2025, 14:07
- 6,016
Ішла гаворка і пра прыцягненне кіроўцаў з нашай краіны.
Прадстаўнікі польскіх транспартных кампаній абмеркавалі сітуацыю на мяжы з Беларуссю з прэзідэнтам Польшчы Каролем Навроцкім. Пра сустрэчу паведамляе канцылярыя прэзідэнта, заўважыў Most.
Сітуацыя ў пункце пропуску «Кукурыкі» пагоршылася пасля часовага закрыцця мяжы ў верасні. З беларускага боку ўтварылася вялікая чарга з грузавікоў, якія чакалі ўезда ў Польшчу. На піку ў ёй было 4 тыс. аўтамабіляў.
Пасля таго як 17 кастрычніка ў пункце пропуску ўвялі ў эксплуатацыю новы рэнтгенаўскі сканер, чарга пачала паступова змяншацца. Паводле даных беларускага Дзяржпагранкамітэта, 23 кастрычніка апоўдні па беларускім часе выезду з Беларусі чакалі 3440 грузавых аўтамабіляў.
Падчас сустрэчы з прэзідэнтам перавозчыкі ўзнялі таксама пытанне недахопу кіроўцаў на польскім рынку працы. Яны заклікалі спрасціць прыцягненне кіроўцаў з Беларусі і Украіны — з супрацоўнікамі з гэтых краін польскія фірмы працуюць ужо шмат гадоў.
Акрамя таго, на сустрэчы закранулі пытанні транспартнай галіны: дагавор, які лібералізуе перавозкі паміж ЕС і Украінай, еўрапейскі Пакет мабільнасці, фінансаванне абавязковай замены тахографаў і экалагічныя патрабаванні да транспартнікаў, што ўводзяцца ў ЕС.