У Беларусі з’явіўся новы населены пункт
4- 23.10.2025, 12:52
- 7,764
У Віцебскай вобласці.
Інфармацыйны бюлетэнь «Белгеадэзіі» «Змены найменняў геаграфічных аб’ектаў Беларусі» паведамляе, што ў краіне з’явіўся адзін новы населены пункт, але яшчэ адзін знік.
Так, у Віцебскай вобласці з’явіўся населены пункт Ізумрудны. Такое найменне далі хутару ў Глыбоцкім раёне, у Зябкаўскім сельсавеце.
Вядома, што там ёсць дзіцячы лагер «Ізумрудны», таксама на бліжэйшым возеры Пліса ёсць пляж «Ізумрудны». Непадалёк ад лагера сярод лесу размешчаныя некалькі домікаў — магчыма, менавіта яны цяпер атрымалі статус хутара. Але ў даведніку адрасоў Нацыянальнага кадастравага агенцтва гэтага новага хутара пакуль што няма.
А ў Уздзенскім раёне перастала існаваць вёска Малая Дзешчанка. Шмат гадоў указальнік на яе стаяў на трасе М23, што вядзе з Мінска ў Слуцк і Салігорск. Вёска ўвайшла ў склад аграгарадка Дзешчанка, яе былая вуліца Цэнтральная стала называцца Малой.
Цікава, што і ў даведніку адрасоў Нацыянальнага кадастравага агенцтва, і ў даведніку адрасоў «Белпошты» вёска Малая Дзешчанка яшчэ значыцца. А вось вуліцы з назвай Малая ў аграгарадку Дзешчанка «Белпошта» яшчэ не ведае, хоць рашэнне аб уваходжанні Малой Дзешчанкі ў Дзешчанку было прынята яшчэ на пачатку года.
Раней паведамлялася, што ў 2023 годзе ў краіне зніклі 12 геаграфічных аб’ектаў. Сярод іх — 6 сельсаветаў (іх вёскі перадалі ў іншыя сельсаветы). Таксама перасталі існаваць пяць вёсак і хутароў у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. А за 13 гадоў у краіне зніклі 398 вёсак.