Гордзімся тым, што беларуская зямля нараджае такіх людзей
- 23.10.2025, 12:38
- 1,466
Анджэй Пачобут сваёй стойкасцю выклікае павагу і дае надзею.
Адзін з актывістаў Саюза палякаў у Беларусі, журналіст-палітвязень Анджэй Пачобут удастоены Еўрапарламентам прэміі Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».
Журналіст Дзмітрый Лупач, які добра быў знаёмы з Анджэем Пачобутам, лічыць прэмію абсалютна заслужанай, паведамляе «Радыё Рацыя»:
— А хто тады, калі не Анджэй? За яго стойкасць. На мой погляд, адзін з лепшых беларускіх журналістаў, які за свае погляды ўжо не першы раз знаходзіцца ў зняволенні. І ўсё ж, нягледзячы на ўсе цяжкія ўмовы, ён іх не змяніў, што выклікае павагу. І дае пэўную надзею не толькі для палякаў, але і для беларусаў. І ёсць падстава ганарыцца, што наша зямля можа нараджаць такіх людзей.
Журналіста і лідэра ліквідаванага ўладамі «Саюза палякаў Беларусі» Анджэя Пачобута затрымалі ў 2021 годзе. У лютым 2023 года яго прысудзілі да 8 гадоў калоніі паводле артыкулаў аб распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (артыкулы 130 і 361 КК). У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.