Мядзведзеў завыў пасля новых санкцый ЗША і адмены саміту з Пуціным
16- 23.10.2025, 12:31
- 14,010
Заявіў, што «Трамп стаў на сцежку вайны з Расіяй».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў выбар на карысць вайны, адмяніўшы сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у Венгрыі і ўвёўшы санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла», заявіў намеснік старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў. «Калі ў кагосьці з шматлікіх каментатараў яшчэ захоўваліся ілюзіі — атрымаеце. ЗША — наш праціўнік, а іх гаваркі «міратворца» цяпер паўнавартасна стаў на сцежку вайны з Расіяй», — адзначыў ён.
На думку Мядзведзева, пакуль Трамп «не заўсёды актыўна ваюе» на баку Кіева, але «гэта цяпер яго канфлікт», а не экс-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна.
23 кастрычніка Трамп заявіў пра адмену саміту з Пуціным у Будапешце, дзе планавалася працягнуць абмеркаванне завяршэння вайны Расіі супраць Украіны. Як патлумачыў кіраўнік Белага дома, ён прыйшоў да высновы, што цяпер яны не змогуць «дасягнуць пастаўленай мэты». Паводле слоў Трампа, у яго заўсёды было адчуванне, што Пуцін «хоча забраць усю Украіну», але ЗША гэтага не дапусцяць. «Мы не хочам, каб у яго было ўсё», — падкрэсліў амерыканскі лідар.
Адначасова з адменай саміту Трамп увёў санкцыі супраць двух найбуйнейшых нафтавых кампаній Расіі — «Раснафты» і «Лукойла», заявіўшы, што «час прыйшоў». «Мы дастаткова доўга чакалі, я думаў, што ў нас атрымаецца (скончыць вайну ва Украіне) задоўга да Блізкага Усходу», — сказаў ён. Трамп выказаў надзею, што пасля гэтага Пуцін «стане разумнейшым».