У Мінску склалі рэйтынг самых дарагіх і самых танных вуліц
4- 23.10.2025, 11:23
- 7,814
Розніца ў кошце істотная.
Рэйтынг самых дарагіх і найтаннейшых вуліц сталіцы і прыгарада склаў рэсурс «Куфар Нерухомасць», прааналізаваўшы тысячы прапаноў і рэальных здзелак, заключаных у 2025 годзе.
Даследаванне паказала, што найдаражэй абыходзяцца кватэры ў новых кварталах, а прадказальна танней каштуе жыллё за кальцавой, побач з чыгункай і буйнымі заводамі. Розніца ў цане паміж імі стала двухразовай, адзначылі прадстаўнікі пляцоўкі, піша Office Life.
Дзе знаходзяцца самыя дарагія вуліцы
Самай дарагой у сталіцы аказалася вуліца Пятра Мсціслаўца ў «Маяку Мінска». Асабліва высока цэняцца кватэры ў першых дамах уздоўж гандлёвага цэнтра. Яны будаваліся раней за іншыя — і забудова там менш шчыльная і менш высотная. Сярэдні кошт «квадрата» дасягнуў $2681.
Другое месца займае вуліца Макаёнка дзякуючы высоткам каля парку імя Чалюскінцаў. Цэны на кватэры з выглядам на парк дасягаюць $2498 за «квадрат».
У топ-3 трапіла і вуліца Белградская ў комплексе «Мінск-Мір» — $2498 за кв. м.
Радком ніжэй аказалася вуліца Братоў Райт у «Навай Баравой», якая знаходзіцца па-за межамі горада. Але на цану ўплывае блізкасць да інфраструктуры — дзіцячых садкоў, новай паліклінікі і цэнтральнай плошчы. Кватэры там разыходзяцца ў сярэднім па $2476 за кв. м.
Пяцёрку замыкае вуліца Мікалы Тэслы ў комплексе «Мінск-Мір». Тут кватэры на «другасным рынку» каштуюць у сярэднім $2239 за кв. м.
А дзе — самыя танныя
Рэйтынг найтаннейшых вуліц узначаліў прыгарад Мінска — вуліца Акадэміка Красіна ў пасёлку Сасны, дзе сярэдні кошт квадратнага метра складае каля $1300.
На другой пазіцыі — вуліца Майская ў Прылуках: у сярэднім $1301 за «квадрат».
А на трэцяй пазіцыі ўжо сталічная вуліца Каржанеўскага ў мікрараёне Курасоўшчына — у сярэднім $1320 за кв. м.
На чацвёртым месцы — вуліца Міхася Лынькова ў Масюкоўшчыне, якая расцягнулася ўздоўж чыгункі. Сярэдні кошт — $1334 за кв. м.
Бюджэтны спіс замыкае вуліца Алега Кашавога, што злучае Партызанскі праспект з Трактарным заводам, — $1336 за кв. м.
Аўтары рэйтынгу лічаць, што ў Мінску не адчуваецца падзелу на багатыя і бюджэтныя раёны. Усё, як правіла, залежыць ад канцэнтрацыі новабудоўляў або старога жыллёвага фонду. У выніку побач з самай дарагой вуліцай можна знайсці хрушчоўкі з даступным жыллём, а калі перайсці чыгунку, то пачынаюцца Лебяжы з больш дарагой забудовай. Пры гэтым попыт зрушваецца ў бок дамоў, якія пабудаваны за апошнія 10–15 гадоў. У той жа час расце папулярнасць гістарычнай забудовы — кватэры ў «сталінках» могуць сыходзіць па вельмі высокіх цэнах.
У сваю чаргу незалежная экспертка па жылой нерухомасці Наталля Літоўская адзначыла, што ў спіс не трапілі традыцыйна дарагія вуліцы Мінска — напрыклад, Карла Маркса. Справа ў тым, што здзелак там менш, і аналітыкі не змаглі сабраць выбарку для ўключэння ў рэйтынг.