У 19-ы пакет санкцый ЕС супраць Расіі ўключаныя беларускія банкі
12- 23.10.2025, 11:13
- 29,180
(абноўлена) Дагэтуль пад санкцыямі ЕС знаходзіліся чатыры банкі.
У 19-ы санкцыйны пакет Еўрапейскага саюза супраць Расіі ўключаныя ў тым ліку беларускія банкі, вынікае з паведамлення агенцтва Reuters, піша «Позірк».
Пад новыя санкцыі трапілі філіялы «Альфа-Банка», ВТБ і «Сбера» ў Беларусі.
Паводле звестак агенцтва, пра тое, што краіны ЕС зацвердзілі 19-ы пакет санкцый супраць РФ за вайну супраць Украіны, які ўключае забарону на імпарт расійскага звадкаванага прыроднага газу, 22 кастрычніка паведаміла дацкае старшынства ў Радзе ЕС.
Дагэтуль пад санкцыямі ЕС знаходзіліся «Белінвестбанк», «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк развіцця.
У ліпені 2025 года гэтыя банкі чарговы раз трапілі пад абмежавальныя меры. Рада ЕС пашырыла «існуючую забарону на прадастаўленне спецыялізаваных фінансавых паведамленняў да забароны на транзакцыі з пэўнымі беларускімі крэдытнымі ўстановамі і іх даччынымі структурамі ў Беларусі, якія адыгрываюць значную ролю ў беларускай фінансавай сістэме і ўжо з'яўляюцца аб'ектам абмежавальных мер, уведзеных саюзам».
Банк развіцця Беларусі, «Белаграпрамбанк» і банк «Дабрабыт» афіцыйна адключаныя ад сістэмы SWIFT яшчэ ў сакавіку 2022 года.
Еўрапейскі саюз прыняў рашэнне спыніць прадастаўленне гэтым банкам паслуг SWIFT 9 сакавіка ў адказ на ўдзел Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Раней гэтыя банкі, а таксама «Беларусбанк» і «Белінвестбанк», былі падвергнутыя абмежавальным мерам ЕС іншага характару.
«Белінвестбанк» адключылі ад SWIFT у чэрвені 2022 года.