У Еўрапарламенце паіменна пералічылі беларускіх герояў
2- 23.10.2025, 10:13
- 3,856
Мальгажата Госеўска ўзгадала пра вязняў сумлення, якія загінулі ў лукашэнкаўскіх застэнках.
22 кастрычніка ў Еўрапейскім парламенце падчас пленарнай сесіі ў Страсбургу адбыліся дэбаты па сітуацыі ў Беларусі.
Пра беларускіх герояў, якія памерлі ў лукашэнкаўскіх застэнках, казала кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю, дэпутат Еўрапарламента з Польшчы Мальгажата Госеўска, паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org:
— Мы павінны памятаць пра гэтых мужных людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё барацьбе за свабоду і справядлівасць.
Аддадзім даніну павагі іх памяці і мужнасці, назваўшы іх імёны:
Вітольд Ашурак, Алена Амеліна, Раман Бандарэнка, Валерый Багдан, Ганна Кандратэнка, Тамара Каравай, Вадзім Храсько, Мікалай Клімовіч, Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Уладзімір Крысёнак, Мікіта Крывцоў, Андрэй Паднябенны, Арцём Парукоў, Алесь Пушкін, Дзмітрый Сарокін, Сяргей Шчэцінка, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер, Дзмітрый Стахоўскі, Канстанцін Шышмакоў, Аляксандр Тарайкоўскі і Аляксандр Віхор.
Ушануем іх памяць! Мы салідарныя з іх сем’ямі і сябрамі ў іх смутку.
Хачу гучна заявіць: мы бачым злачынствы Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў, мы збіраем доказы, і настане дзень, калі іх будзе судзіць Міжнародны трыбунал у Гаазе, — сказала Мальгажата Госеўска.
Варта адзначыць, што, паводле СМІ, колькасць выпадкаў смерці палітвязняў — больш за 10.
21 траўня 2021 года ў Шклоўскай калоніі памёр палітвязень Вітольд Ашурак.
5 студзеня 2022 года ў Магілёве скончыў жыццё самагубствам палітвязень Дзмітрый Дудойць.
7 траўня 2023 года ў калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч.
5 ліпеня 2023 года ў Лідскім РАУС раптоўна памёр 37-гадовы мясцовы паэт, удзельнік фестываляў сучаснага мастацтва Дзмітрый Сарокін.
11 ліпеня 2023 года ў Гродзенскай турме ад прабоднай язвы памёр мастак Алесь Пушкін.
13 студзеня 2024 года ў віцебскай калоніі №3 ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько.
20 лютага 2024 года стала вядома пра смерць у турме актывіста апазіцыі Ігара Ледніка, які меў групу інваліднасці з-за праблемаў з сэрцам.
10 красавіка 2024 года ў брэсцкім СІЗА памёр абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі падпалкоўнік ПДВ Аляксандр Кулініч.
1 лістапада 2024 года памёр 22-гадовы Дзмітрый Шлетгаўэр — грамадзянін Расіі.
8 верасня 2025 года стала вядома пра смерць 36-гадовага палітвязня Андрэя Паднябеннага, асуджанага на 16 гадоў і 8 месяцаў калоніі.