Лукашэнка пойдзе на паклон да хусітаў?
8- Андрэй Карась, «Салідарнасць»
- 23.10.2025, 9:33
- 10,058
Задача дыктатара будзе праваленая.
Пасля нядаўняга візіту ў Мінск султана Амана Хайсама бен Тарэка аль Саіда кіраўнік Беларусі здзівіў заявай:
– Зямлю нам выдзяляюць, каб мы там стварылі свой велізарны турыстычны кластар. Каб людзі маглі лётаць не толькі ў Турцыю і Эміраты. Гэта ж літаральна гадзіна (працягласць палёту на гадзіну большая, чым у ААЭ — заўвага прэс-службы кіраўніка) — і ты там, у акіяне. Адкрыты акіян. Вось, калі ласка, прыходзьце, працуйце, дзверы адкрытыя. Але трэба ісці, трэба ісці!

«Салідарнасць» тлумачыць, у чым спецыфіка курортаў Амана, і ацэньвае перспектывы выканання задачы Лукашэнкі.
«Няма куды выйсці з большасці гатэляў. Гатэлі знаходзяцца быццам у пустыні»
У лютым гэтага года стартавалі прамыя чартарныя рэйсы з Мінска ў Аман. На беларусаў распаўсюджваецца «безвізавы рэжым» на тэрмін да 14 дзён — візу ставяць бясплатна па прыбыцці.
Чаму рэйсы стартавалі ў лютым? Бо па-за зімой у Амане вельмі спякотна — улетку +40–50 °C. У некаторых аб'явах можна сустрэць сцвярджэнне, што найбольш спрыяльны час для наведвання Амана — з пачатку верасня да канца красавіка. У іншых — «з кастрычніка па красавік». Але сустракаюцца і паведамленні, што насамрэч у Амане «асабліва» камфортна з лістапада па сакавік.


Звабляюць турыстаў «шырокімі беласнежнымі пляжамі, якія зачароўваюць» і гатэлямі з сістэмай «усё ўключана». Часта можна сустрэць параўнанне «як у Турцыі». Але на практыцы праводзіць такія паралелі вельмі няпроста.
Адпачынак у Амане па розных прычынах — не бюджэтны. На сезон восень-2025 — вясна-2026 кошт тураў стартаваў ад $1148 за 9 начэй (цана на чалавека пры двухмесным размяшчэнні).
Працягласць палёту — каля 7 гадзін 10 хвілін.


Ладна, Турцыя, а як наконт параўнання з ААЭ?
Паведамляецца, што Аман — накірунак «для спакойнага сямейнага адпачынку без лішняй мітусні», які «пазбаўлены пафасу Эміратаў». Што гэта азначае на практыцы, «Салідарнасці» распавёў прадстаўнік адной з турагенцый:
– З мінусаў — у Амане няма куды выйсці з большасці гатэляў. Гатэлі знаходзяцца быццам у пустыні. Гэта ціхі спакойны адпачынак на аматара.
Якія перспектывы стварэння «турыстычнага кластара»?
Лукашэнка занёс сабе ў заслугу тое, што здолеў дамовіцца з Аманам пра «выдзяленне зямлі». Але гэты факт не павінен здзіўляць, калі ведаць, што 89% тэрыторыі гэтай краіны складае пустыня. То-бок пустуючых пляцовак — велізарная колькасць.
Спроба стварыць турыстычны кластар у пустыні, якая знаходзіцца на другім канцы свету і пад кантролем мала зразумелай ісламскай манархіі, — ідыятызм? Лукашэнка лічыць, што не.
Сапраўды, чаму б і не паспрабаваць з улікам досведу і кампетэнцый беларускага боку па ўзвядзенні гасцініц і іншай турыстычнай інфраструктуры ў Турцыі, Іспаніі і на Кіпры.
А… стоп. Такі ж досвед адсутнічае. Як і грошы на якія-небудзь заўважныя інвестыцыі. У такім выпадку відавочна, што задача Лукашэнкі скончыцца правалам. Але сумаваць не варта, бо ёсць яшчэ краіны, з якімі ён яшчэ не завязваў адносін.
Калі зірнуць на карту, то побач з Аманам можна адшукаць такую цікавую дзяржаву, як Емен.
Пакуль мясцовыя хусіты занятыя атакамі на караблі, што праплываюць паўз, але ў будучыні — цалкам можна паспрабаваць заключыць з ім і дамову аб выдзяленні зямлі пад турыстычны кластар. У пустыні месца шмат.
Андрэй Карась, «Салідарнасць»