Германія канфіскуе сотні мільёнаў еўра расійскага банка
- 17.10.2025, 16:17
- 3,444
Праз парушэнне забароны на распараджэнне сродкамі.
Вышэйшы зямельны суд у Франкфурце-на-Майне распачаў справу аб канфіскацыі 720 млн еўра з рахунку расійскага банка, які трапіў пад еўрапейскія санкцыі ў 2022 годзе.
Як паведамляе «Нямецкая хваля» са спасылкай на судовыя дакументы, справу распачалі па ініцыятыве Федэральнай пракуратуры Германіі. Назва банка не раскрываецца. Дата слуханняў пакуль не вызначана.
Паводле дадзеных суда, працэдура канфіскацыі выклікана парушэннем забароны на распараджэнне сродкамі, замарожанымі ў сувязі з агрэсіўнай вайной Расіі супраць Украіны: банк паспрабаваў вывесці сродкі, але аперацыя была адхілена. У сувязі з гэтым была распачата справа па падазрэнні ў парушэнні забароны на распараджэнне замарожанымі сродкамі.
Мерц падтрымаў ідэю выкарыстання замарожаных актываў РФ
Канцлер ФРГ Фрыдрых Мерц (Friedrich Merz) падтрымаў ідэю выкарыстоўваць замарожаныя актывы Цэнтрабанка Расіі для прадастаўлення Украіне беспрацэнтных крэдытаў на агульную суму 140 млрд еўра. Яны павінны быць накіраваныя выключна на фінансаванне ваеннага абсталявання краіны, якая абараняецца.
Украіна будзе павінна пагасіць крэдыты толькі пасля таго, як Расія выплаціць ёй усе рэпарацыі, падкрэсліў Мерц, выступаючы з урадавай заявай у Бундэстагу.