Індыя скараціць імпарт расійскай нафты на 50%
3- 17.10.2025, 10:25
- 1,502
Пасля перамоў з ЗША.
Індыйскія нафтаперапрацоўчыя заводы скарачаюць закупкі расійскай нафты на 50%. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Белага дома. Агенцтва ўдакладняе, што рашэнне звязана з нядаўнімі гандлёвымі перамовамі паміж Індыяй і ЗША. Дадатковай інфармацыі крыніца не прадставіла.
Раней Reuters паведамляў, што некаторыя індыйскія НПЗ рыхтуюцца да паступовага скарачэння паставак з Расіі. Паводле слоў крыніц агенцтва, улады краіны афіцыйных указанняў не давалі, паколькі рэзкая адмова ад расійскай нафты можа выклікаць паскарэнне інфляцыі і рост сусветных цэн на нафту. У той жа час, паводле звестак Reuters, індыйскія чыноўнікі вялі перамовы з амерыканскім бокам, і Вашынгтон паставіў скарачэнне закупак расійскай нафты як ключавую ўмову для змяншэння пошлін, уведзеных прэзідэнтам Дональдам Трампам, і дасягнення гандлёвай дамоўленасці.
Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што прэм’ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі паабяцаў спыніць закупкі расійскай нафты. Аднак пакуль афіцыйнага пацвярджэння гэтай заявы з Нью-Дэлі не паступала. Міністэрства замежных спраў Індыі, у сваю чаргу, заявіла, што не мае звестак пра такую тэлефонную размову кіраўнікоў дзвюх краін.
Раней, у жніўні, адміністрацыя Трампа павысіла да 50% тарыфы на тавары з Індыі, растлумачыўшы меры тым, што працягваюцца закупкі расійскай нафты, што, на думку Вашынгтона, падтрымлівае фінансаванне расійскай ваеннай машыны. Індыйскія ўлады выказалі пратэст, назваўшы санкцыі «нясправядлівымі і неабгрунтаванымі».
Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ва Украіне Індыя стала адным з найбуйнейшых пакупнікоў расійскай нафты са зніжкай, заняўшы вызваленую нішу пасля адмовы заходніх краін. Паводле звестак Reuters, на гэты момант Расія пакрывае каля 40% патрэбаў Індыі ў нафце, тады як да вайны гэты паказчык не перавышаў 1%. У канцы верасня Bloomberg паведамляў, што Нью-Дэлі разглядае магчымасць паступовай адмовы ад расійскіх паставак пры ўмове іх замены нафтай з Ірана або Венесуэлы.