ЗША і Украіна стварылі «Шахед» са штучным інтэлектам
1- 17.10.2025, 9:17
- 6,266
Яго ўжо выпрабавалі па Расіі.
Амерыканская кампанія-вытворца праграмнага забеспячэння для беспілотнікаў пад назвай Auterion заявіла пра паспяховае завяршэнне праекта Artemis. Гаворка ідзе пра стварэнне далёкадыстанцыйнага дрона-камікадзэ са штучным інтэлектам.
Як паведамляе ўкраінскае выданне Defense Express, гэты беспілотнік быў створаны сумесна з украінскай кампаніяй, назва якой не раскрываецца з меркаванняў бяспекі. БПЛА мае далёкасць палёту 1600 км, а яго баявая частка важыць 45 кг. Акрамя таго, дрон абсталяваны візуальным навядзеннем з дапамогай алгарытмаў штучнага інтэлекту.
Адзначаецца, што новы беспілотнік ужо прайшоў паўнавартасныя выпрабаванні. У кампаніі кажуць, што яны «ўключалі запуск з зямлі, навігацыю GPS і без GPS, далёкі транзіт і наземнае спрацоўванне».
«Галоўнай асаблівасцю Artemis якраз з'яўляецца сістэма навігацыі і навядзення на базе бартавога камп'ютара Skynode N ад Auterion. Як адзначаецца, яна «дазваляе дрону наводзіцца і паражаць мэты нават пры збоях спадарожнікавай навігацыі» і «забяспечвае найвышэйшую дакладнасць на канчатковым этапе палёту», – гаворыцца ў матэрыяле.
Сістэма навігацыі і навядзення, верагодна, была інтэгравана адразу ў цэлую лінейку дронаў з рознай далёкасцю. У той жа час ключавую стаўку ў кампаніі Auterion робяць менавіта на далёкадыстанцыйную версію, і яе вытворчасць будзе масавай. Вытворчыя лініі будуюцца ва Украіне, ЗША і Германіі.
Выданне адзначае, што гаворка ідзе пра серыйны аўтаномны далёкадыстанцыйны дрон з даказанай эфектыўнасцю пры ўдарах непасрэдна па Расіі. Інакш, паводле слоў аўтараў, фразу пра «далёкі транзіт і наземнае спрацоўванне» трактаваць цяжка.

У матэрыяле сказана, што ў пачатку снежня 2024 года падчас візіту ва Украіну Олафа Шольца быў паказаны вельмі падобны на «Шахед» беспілотнік. Яго памеры наўрад ці дазволілі б пераадолець адлегласць 1600 км з 45 кілаграмамі баявой часткі. Аднак, магчыма, ён быў «малодшым» прадстаўніком сямейства дронаў Artemis.
У сакавіку такія дроны ўпершыню прымяніла ў баі 12-я брыгада спецыяльнага прызначэння «Азоў». Адзначалася, што гэты дрон цалкам аўтаномны, што можа быць адсылкай да рашэння Auterion, лічаць аўтары. Гэты дрон называўся UAS SETH.
«На фоне яго выкарыстання можна прывесці яшчэ адну фразу з афіцыйнага паведамлення Auterion: «дзяржаўныя спецыялісты адабрылі праграму [Artemis] пасля аперацыйных лётных выпрабаванняў ва Украіне».
Таму, з высокай доляй верагоднасці, менавіта на базе гэтага UAS SETH, але шляхам істотнага павелічэння яго памераў і атрымаўся Artemis ALM-20. Бо арыгінальны «Шахед» мае вельмі ўнушальныя габарыты – каля 3,5 метра ў даўжыню, 2,5 метра размаху крылаў», – канстатуе выданне.