Politico: Зяленскі лічыць, што наступленне расіян на ўсходзе Украіны стане апошнім
3- 16.10.2025, 18:30
- 3,798
У наступным годзе ўжо можна будзе гаварыць пра мір.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі лічыць, што цяперашняе наступленне Расіі на ўсходзе можа быць апошняй буйной ваеннай актыўнасцю расіян. У наступным годзе ўжо можна будзе гаварыць пра мір.
Пра гэта паведамляе Politico.
Выданне са спасылкай на ўласныя крыніцы піша, што такое меркаванне Зяленскі выказаў падчас закрытага пасяджэння з дэпутатамі ад «Слугі народу». Зяленскі дапусціў, што наступ расіян на ўсходзе, які цяпер узмацняецца, — гэта апошняе буйное наземнае наступленне РФ у вайне.
Украіне давядзецца перажыць суровую зіму, паколькі расійскія тэракты супраць энергетыкі ўзмацняюцца. Тым не менш Зяленскі сказаў дэпутатам, што чакае рэальнай магчымасці дасягнуць перамір'я, хоць гэта будзе нялёгка.
На Расію трэба аказаць значна большы эканамічны і ваенны ціск, каб прымусіць яе да міру. Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін павінен зразумець, што перамовы з'яўляюцца адзіным лагічным вынікам, бо працяг вайны абяскровіць РФ, не даўшы ніякіх вялікіх пераваг.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп поўны жадання спыніць вайну ва Украіне, каб разлічваць на Нобелеўскую прэмію міру ў наступным годзе, піша выданне. Менавіта на гэтым плануе згуляць Украіна: высокапастаўленая ўкраінская дэлегацыя вядзе перамовы ў Вашынгтоне аб дапамозе ў аднаўленні энергетыкі і ў прымушэнні РФ да міру.
Сам прэзідэнт Зяленскі наведае Вашынгтон 17 кастрычніка і правядзе там асабістую сустрэчу з Трампам. Менавіта таму, дадае выданне, украінцы лічаць, што цяпер сітуацыя можа змяніцца на іх карысць.