Лукашэнка: Хопіць ужо гэтых палацаў і культурных аб’ектаў
18- 16.10.2025, 18:27
- 12,990
Узурпатар заклікаў не будаваць больш музеяў і санаторыяў, а накіроўваць грошы на сельскую гаспадарку.
Аляксандр Лукашэнка падчас нарады аб праектах прагнозных дакументаў на 2026 год заклікаў перагледзець пытанні будаўніцтва па дзяржаўных праграмах, паведамляе прэс-служба дыктатара.
«Пры гэтым хачу адзначыць: прэм’ер-міністр, я ўпэўнены, гэта выканае, — яму даручана ні ў якім разе не займацца будаўніцтвам і стварэннем таго, без чаго сёння і заўтра, магчыма, можам абысціся. Гляджу: гэтыя офісы, палацы на месцах. Яшчэ там чаго-небудзь», — заявіў Лукашэнка.
У якасці больш прыярытэтнай альтэрнатывы ён назваў будаўніцтва комплексаў для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, а таксама жылых дамоў.
«Хопіць ужо гэтых палацаў і культурных аб’ектаў. Важней, напэўна, людзям пабудаваць жыллё. Не трэба разкідвацца грашыма, якіх у вас няма. Трэба аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю і спыніць будаўніцтва ўсялякіх музеяў, дамоў адпачынку і іншага. Іх трэба задзейнічаць», — указаў дыктатар.
Ён нагадаў, што цяпер ідзе будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея, у які ўкладзены як дзяржаўныя сродкі, так і сродкі дабрачынных ахвяраванняў.
«І гэтага аднаго музея дастаткова [ідзецца пра будаўніцтва ў Мінску новага будынка. — Заўв.]. Дастаткова! Людзі прыедуць, будуць глядзець, бо на месцах іх ужо акіян. Тое самае і па іншых аб’ектах», — адзначыў Лукашэнка.
Заўважым: Лукашэнка пабудаваў для сябе каля двух дзясяткаў палацаў.