У Грэцыі працадаўцам дазволілі ўводзіць 13-гадзінны працоўны дзень
2- 16.10.2025, 18:09
- 1,734
Працадаўца мае права ўстанаўліваць такі графік толькі 37 дзён у годзе.
Грэцкія прадпрымальнікі атрымалі права ўстанаўліваць 13-гадзінны працоўны дзень. Адпаведны законапраект ухваліў парламент гэтай еўрапейскай краіны. Пра гэта паведаміў канал Mesogeios TV.
Прыняццю гэтага дакумента не перашкодзілі ні бурныя вулічныя пратэсты і страйкі, ні напружаныя парламенцкія дэбаты. Законапраект Міністэрства працы Грэцыі, які прадугледжвае 13-гадзінны працоўны дзень, быў ухвалены дэпутатамі.
Праўда, кіраўніца названага ведамства Нікі Керамеос заявіла, што выкарыстоўваць тэрмін 13-гадзінны працоўны дзень не зусім правільна. Гэтую кропку гледжання яна абгрунтавала тым, што працадаўца мае права ўстанаўліваць такі графік толькі 37 дзён у годзе і павінен даплачваць работнікам 40 працэнтаў ад іх пагадзіннага заробку. Акрамя таго, яна спаслалася на асобныя выпадкі, калі некаторыя работнікі самі патрабавалі павелічэння працоўнага часу, працуючы 6 і 7 дзён на тыдзень.