У Швейцарыі беларус абараніў сям’ю ад агрэсіўнага рускамоўнага пасажыра ў цягніку
24- 16.10.2025, 17:25
- 23,144
«Я трымаўся, спрабаваў яго супакоіць».
Агрэсіўны рускамоўны мужчына напаў на сямейную пару — беларуса і ўкраінку — у цягніку ў Швейцарыі з‑за пачутай украінскай мовы, а потым сам жа падаў на іх заяву ў паліцыю. «Радыё Свабода» пагаварыла з мужам Алены і даведалася падрабязнасці інцыдэнту.
Сям’я — Алена Дуднік і Габрыэль Шараў — з маленькім дзіцем ехала ў цягніку Інтэрлакен — Шпіц (Швейцарыя), калі рускамоўны мужчына, які сядзеў побач, пачаў агрэсіўна да іх чапляцца. Яго абурыла ўкраінская мова. Алена — украінка, яе муж — ураджэнец Беларусі. Алена размаўляла па‑ўкраінску. Калі мужчына пачаў кідацца на пару, Алена запісала інцыдэнт на відэа.
Рускамоўны мужчына лаяўся матам, не саромеючыся ў выразах. Казаў: «Я рускі чалавек, мы вас усіх будзем забіваць. І цябе, і цябе, і цябе», паказваючы пальцам на сям’ю.

Потым ён чапляўся да Габрыэля і пытаўся: «Чаму ты не ў акопе», патрабаваў паказаць швейцарскі пашпарт і адкрыта выказваў падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне.
Журналісты звязаліся з мужам Алены, каб падрабязней распытаць пра інцыдэнт. Высветлілася, што ў Габрыэля беларускія карані: ягоныя бацькі пераехалі ў Швейцарыю ў 90‑я гады.
«Мы ехалі цягніком, зайшлі ў вагон, паставілі каляску, сын у мяне быў на руках, я пачаў шукаць месца, каб сесці. Потым мы селі, жонка па‑ўкраінску папрасіла мяне нешта ўзяць. Ён гэта пачуў і пачаў лаяцца нецэнзурна. Жонка адразу ўключыла тэлефон і пачала здымаць. Я звяртаўся на «Вы», стараўся яго супакоіць, паказваў яму, што тут шмат турыстаў, ёсць дзеці. Ён выбіў тэлефон з рук у жонкі, устаў, і я зрэагаваў — адштурхнуў яго. Жонка з дзіцем адышлі далей, а я не стрымаўся і пару разоў даў па шыі», — распавядае Габрыэль.

Іншыя пасажыры дапамаглі Габрыэлю выклікаць паліцыю. Агрэсар гэта зразумеў і пачаў хавацца ў цягніку. Паліцыя яго знайшла і вывела адтуль. Пасля гэты мужчына пагражаў сям’і і патрабаваў 10 000 швейцарскіх франкаў (каля 12 540 долараў) — інакш ён напіша заяву на Габрыэля. Цяпер ідзе разбіральніцтва з паліцыяй, яны чакаюць матэрыял з відэакамер у цягніку.
«Як я зразумеў, ён напісаў заяву, што я нібыта нешта фізічна яму зрабіў. У цягніку быў поўны вагон, кітайскія турысты зачыніліся ў прыбіральні з дзецьмі, там быў цэлы кіпіш», — распавядае Габрыэль.
Мужчына кажа, што спрабаваў трымацца культурна.
«Я ведаю швейцарскія законы, таму я трымаўся. Я чакаў моманту, пакуль ён дакранецца або выб’е тэлефон. Потым я ўжо зрэагаваў, бо існавала пагроза не толькі мне, але і жонцы і дзіцяці», — працягвае Габрыэль.
Раней, да пачатку вайны ва Украіне, Габрыэль ездзіў у Беларусь; цяпер для яго гэта немагчыма. З жонкай яны пазнаёміліся на працы, дома жонка з ім гаворыць па‑ўкраінску, ён з ёй — па‑руску.
«Ён [агрэсіўны мужчына ў цягніку] падтрымлівае ўсю гэтую вайну, пуцінскі рэжым. Ён лічыць сябе рускім, сказаў, што нас трэба забіваць. Ён зразумеў, што мая жонка — украінская ўцекачка, і пачаў агрэсію. Я з такім упершыню сутыкаюся. Я працаваў з украінскімі ўцекачамі, у месцы, дзе іх прымалі; я супраць вайны, супраць расійскай агрэсіі», — кажа Габрыэль.
Паводле слоў Алены і Габрыэля, мужчына, які на іх кідаўся, — грамадзянін Латвіі, яго завуць Аляксандр Вабікс.
У каментарыях да допісу ў Instagram Алены некаторыя людзі пісалі, што таксама сутыкаліся з гэтым чалавекам і з яго агрэсіўнымі дзеяннямі.
«Хачу дадаць яшчэ ад сябе: з‑за таго, што відэа распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках, гэтага мужчыну, які з’яўляецца правакатарам на відэа, пазналі вельмі многія людзі, таксама пацярпелыя ад яго. Пераважна гэта жанчыны з дзецьмі, якім ён пагражаў збіццём, гвалтам і фізічнай расправай. Людзі таксама падавалі на яго заявы ў паліцыю», — паведаміла Алена.
«Радыё Свабода» не знайшло афіцыйных згадванняў пра інцыдэнты з удзелам гэтага чалавека, як і яго актыўных акаўнтаў у сацыяльных сетках.
На інцыдэнт адрэагавала ўкраінскае МЗС. Прадстаўнік МЗС Георгій Ціхі назваў відэа інцыдэнту «жахлівым»: «Недапушчальная мова варожасці і міжэтнічная нянавісць».
Украіна звярнулася да швейцарскіх праваахоўных органаў з просьбай расследаваць інцыдэнт і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.